Агароджы з “барадой”

Общество

Сонцам, зелянінай, кветкамі раскашуе лета. Асабліва хораша зараз на ўлонні прыроды. Але адчуваецца подых цудоўнай пары і ў саміх Паставах: дворыкі п’яняць квітнеючымі півонямі, ліліямі, касачамі, язмінам, распускаюцца іншыя кветкі, прывабліваюць аксамітныя акуратна падстрыжаныя газончыкі.

Так бы і спяваць гімн усяму гэтаму хараству, каб не адно “але”. А гэтае “але” сустракаецца на кожнай вуліцы і псуе настрой. Толькі пройдзеш ці праедзеш ля акуратнага, дагледжанага, прыцягальнага двара, як натыкаешся на зусім супрацьлеглае — абсалютную неахайнасць на прыдамавой тэрыторыі. Падумаецца, што там, напэўна, жывуць старыя нямоглыя людзі, у якіх нестае сіл справіцца з работай. Каб жа так, то можна было б і зразумець. Але я ведаю дзясяткі прыкладаў, калі менавіта пажылыя людзі ўтрымліваюць і сваё жыллё, і прыдамавыя тэрыторыі ў ідэальным стане, а іх дзеці і ўнукі (маецца на ўвазе па ўзросце) зусім абыякавыя да таго, што расце ў двары: ружы або крапіва.

І яшчэ адна прыкрая з’ява, якую я называю агароджы з “барадой”. Яна ўласціва не толькі ўскраінным вуліцам, але і амаль што цэнтральным. Перад агароджамі ля дамоў (з боку вуліцы) рупныя гаспадары рэгулярна ўзрыхляюць зямлю, многія высаджваюць просценькія, непатрабавальныя кветкі, якія, тым не менш, радуюць вока аж да замаразкаў. Іншыя ж не абцяжарваюць сябе “лішнімі” клопатамі, і іх двары пераўтвараюцца ў расаднікі пустазелля. Вылазіць яно і за агароджы і калматымі “бародамі” “ўпрыгожвае” вуліцу. Так і хочацца ўсклікнуць: “Як не сорамна, спадарства?” Ды наўрад ці пачуюць.

Значыць, варта нагадаць некаторым пастаўчанам чацвёрты пункт рашэння раённага выканаўчага камітэта ад 21 сакавіка 2014 года “Аб замацаванні тэрыторый” (гэта рашэнне было апублікавана ў 39-ым нумары “Пастаўскага краю”). Дык вось, там сказана: “Індывідуальным домаўладальнікам і арандатарам домаўладанняў забяспечыць падтрыманне чысціні і парадку, абкошванне пустазелля, уборку апалага лісця на прылеглай да домаўладання тэрыторыі да восі праезнай часткі вуліцы па ўсёй даўжыні зямельнага ўчастка, а на незабудаванай тэрыторыі — на адлегласці 15 метраў ад граніц участка, своечасовы рамонт, афарбоўку і пабелку платоў, агароджаў прысядзібных участкаў, фасадаў дамоў, дымаходаў, афармленне і ўтрыманне ў належным стане кветнікаў, газонаў і клумбаў у адпаведнасці з сезонам года”. Такое рашэнне прынята ў адпаведнасці з Правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, зацвер­джаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2012 года №1087.

Здаецца, усё зразумела. Давайце ж выконваць тое, што ад нас патрабуецца. І тут больш патрабавальнасці да домаўласнікаў павінны праявіць аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, райаддзел міліцыі. Ну трэба ж прывучаць да парадку ўсіх. А наводзіць яго трэба неадкладна, бо менш чым праз два тыдні ў Паставы з’едуцца з усёй Беларусі і замежных краін сотні ўдзельнікаў і гасцей Міжнароднага фестывалю “Зві­няць цымбалы і гармонік”, і наш горад павінен уразіць іх прыгажосцю, добраўпарадкаванасцю і гасціннасцю, а не безгаспадарчасцю.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.