І радасна, і карысна

Общество

Ала Ігнацьеўна Сіскевіч

Каб адшукаць герояў будучых газетных публікацый, мы, журналісты, ездзім па ўсім раёне. Але на гэты раз мне дастаткова было прайсці менш за сто крокаў ад рэдакцыі — да дома №17 па вуліцы Ленінскай (побач з будынкам ЖЭУ). Тут, у кватэры №1, жыве Ала Ігнацьеўна Сіскевіч, і яе двор, кветнікі, агарод штогод з ранняй вясны да позняй восені прыцягваюць увагу кожнага. Не, ніякіх адмысловых фантазій і модных зараз малых архітэктурных форм тут няма, але прысутнічае іншае — выключная добраўпарадкаванасць і мноства кветак на зусім невялікім прыдамавым участку.

— Так, плошча невялікая, але мне яе і для агародніны дастаткова, — гаворыць гаспадыня. — Па тры мяхі бульбы накопваю. Морква, агуркі, буракі, памідоры, цыбуля таксама свае. І трускалкі ёсць, і маліна — усяго пакрыху. А вось з жыўнасці — толькі куры. Раней, калі мы жылі па вуліцы Маркава, па 120 нутрый трымалі. І мяса мелі, і натуральныя футры ўсім пашылі. Сюды пераехалі з мужам 15 гадоў назад, калі цяжка захварэла свякроў. Але, на жаль, ужо шэсць гадоў, як няма ў жывых і мужа.

Ну, а найвялікшая любоў Алы Ігнацьеўны — кветкі. Першымі ў агародчыку расцвітаюць цюльпаны. Затым яны саступаюць месца пакрасавацца ліліям, гладыёлусам, астрам, цыніям, дурману, званочкам, хрызантэмам і іншым. Ажно на вуліцу “выбіраюцца” аксаміткі. Роўным шнурочкам “выстройваюцца” яны ўздоўж агароджы ля  прыдамавога ўчастка і радуюць сваім квітненнем да самых маразоў. Спрабавала Ігнацьеўна садзіць каля тратуара і іншыя кветкі, ды затрымліваліся яны там нядоўга — выкопвалі. Здараецца, што і аксаміткі “прарэдж­ваюць”. Як ні дзіўна, гаспадыня і ў гэтым знаходзіць станоўчае: “Яны ж іх не выкідваюць, а, напэўна, у сябе са­дзяць. Ну, няхай і ў іх будзе прыгожа. А вось калі сёлетняй вясной хтосьці ноччу склаў амаль усю агароджу, стаптаўшы квітнеючыя цюльпаны, было вельмі крыўдна”.

Сын А. І. Сіскевіч жыве ў Ізраілі. Некалькі разоў гасцявала ў яго.

— Якая там прыгажосць! — захаплялася. — Колькі розных кветак! Хацелася развесці такія і ў сябе, але колькі ні прывозіла насення, у нашым клімаце яно не прарастала. А вось агуркі і памідоры — адтуль. І сама ізраільскія гатункі вырошчваю, і дачку, знаёмых надзя­ліла.

— А не хацелася б і Вам пераехаць на пастаяннае месца жыхарства на зямлю запаветную? — пытаюся ў Алы Ігнацьеўны.

— Не, гэта не маё, — чую ў адказ. — Самы доўгі тэрмін — тры месяцы,— які я пражыла ў Ізраілі, здаліся мне годам. І хоць побач былі сын з нявесткай і дзве ўнучачкі, па Паставах засумавала неймаверна. Тут усё сваё, роднае, блізкае і дарагое.

— Ведаеце, дзе я яшчэ знайшла сабе прымяненне? — прадаўжае мая субяседніца. — У касцёле! Там адпачываю душой і целам, хаджу не толькі на службу, але і прыбіраць у будынку. Іншы вечар разбаліцца ўсё. Думаю, заўтра не змагу пайсці ў касцёл. Але наступае раніца, і Бог зноў дае сілы.

А яшчэ яна нясе ў храм кветкі. І размаўляе там не толькі з Усявышнім, але і з імі — жывымі, прыгожымі, выпеставанымі сваімі рукамі.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Іны СНЯЖКОВАЙ.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.