Няхай запомніцца сцяжынка, што ў школу кожны дзень вяла (+фота)

Образование

Больш за 170 вучняў Дунілавіцкай ясляў-сада-сярэдняй школы прысутнічала на ўрачыстай лінейцы з нагоды заканчэння навучальнага года, развітання з выпускнікамі. Іх, а таксама педагогаў і бацькоў віталі старшыня райвыканкама В. С. Гутараў, старшыня Дунілавіцкага сельвыканкама А. А. Мацюшонак, класны кіраўнік 11 класа С. В. Бамбізаў, маці выпускніка К. У. Кухальская, дырэктар школы, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь В. А. Бульбяноў.

Сярэднюю школу  сёлета заканчваюць 22 адзінаццацікласнікі. Экзаменацыйная пара для іх пачалася яшчэ ў маі. 18 выпускнікоў, якія займаліся па праграме падрыхтоўкі ва­дзіцеляў катэгорый “В” і “С”, ужо здалі экзамен, а восем юнакоў адначасова атрымалі і пасведчанні трактарыста. Гэта надае ўпэўненасці ў тым, што яны паспяхова вытрымаюць экзамены і па агульнаадукацыйных прадметах.

Навучальная ўстанова ў Дунілавічах вызначаецца не толькі падрыхтоўкай вадзіцеляў і трактарыстаў. Яна адметная і адносінамі вучняў да вучобы. Сёлета прэтэндэнтам на залаты медаль з’яўляецца адзінаццацікласнік Антон Шубко. Пераможцай  раённага этапа і ўладальніцай дыплома трэцяй ступені абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі стала выпускніца Віялета Кароль. Дыпломам першай ступені як пераможца раённага этапа алім­піяды школьнікаў па рускай мове і літаратуры ўзнагароджаны выпускнік Максім Мурзіч.

У іх дастойная змена. Годна праявілі сябе на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні дзевяці­класнік Арцём Яўсеенка і па грамадазнаўстве —дзеся­ці­класніца Дар’я Андрэйчык. Дыпломамі і граматамі адзначаны дасягненні ў вучобе і творчасці вучняў Наталлі Шарынскай, Дар’і Гваздовай, Дар’і Кішко, Дзіяны Ходан, На­дзеі Якімовіч, Паліны Бамбізавай, Лізаветы Танана, Аляксандры Бабюк, Анастасіі Кухальскай, Сняжаны Пашкевіч, Дар’і Галінскай. Прыемнай і ўзрушанай атрымалася цырымонія ўзнагароджвання, а таксама перадача эстафеты першакласнікам. Выпускнікі пажадалі ім і ўсім вучням школы плённай вучобы, цікавых мерапрыемстваў, актыўнага грамадскага і спартыўнага жыцця. Самыя юныя выхаванцы школы сталі ў гэты дзень удзельнікамі рэспубліканскай спартыўнай акцыі “Подари ребёнку футбольный мяч”. Яе арганізатарамі з’яўляюцца Беларуская федэрацыя футбола, Міністэрства адукацыі і Бел­аграпрамбанк. Дуніла­віцкім хлопчыкам і дзяўчынкам 13 мячоў уручыла начальнік аддзела рознічных паслуг аддзялення “Белаграпрамбанка” ў г. Паставы Таццяна Навумчык.

На развітанне прагучаў апошні званок. Гэту хвалюючую і ганаровую місію выканалі першакласніца Марыя Гваздова і выпускнік Антон Шубко. Для адных ён абвясціў аб развітанні з дзяцінствам і школай, для іншых — аб пачатку летніх канікулаў. А яны, як падкрэсліў дырэктар школы В. А. Бульбяноў, будуць напоўнены цікавымі падзеямі. З 2 чэрвеня  пачаў працаваць аздараўленчы лагер, які наведваюць 30 дзяцей. Дзесяцікласнікі ўдзель­нічаюць у 5-дзённых ваенна-палявых зборах. Неўзабаве прыступіць да работы рамонтная брыгада. Хапае клопатаў і ў тых, хто займаецца вырошчваннем агародніны. Школа поўная рашучасці пацвердзіць, што яна невыпадкова перамагла ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю харчавання дзяцей.

Увогуле, як адзначыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Сяргеевіч Гутараў, Дунілавіцкая школа не толькі захоўвае, але і прымнажае свае традыцыі. Сёлета споўніцца дзесяць гадоў з дня яе наваселля ў новым будынку. Дзякуючы агульным намаганням і клопатам ён выглядае прывабным, прасторным, утульным. Заўсёды добраўпарадкавана вялікая прылеглая тэрыторыя. Школа вабіць дзяцей і з’яўляецца для іх другім домам.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.