Пастаўскія сыры — у ліку пераможцаў


14 чэрвеня на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і быту адбыўся другі “Сырны фестываль пад Мінскам”. Тут праводзіліся майстар-класы, інфармацыйныя і рэкламныя паўзы, кулінарнае шоу, “Сырныя алімпійскія гульні”, шмат іншых мерапрыемстваў. На асноўнай пляцоўцы было прадстаўлена больш за 100 відаў сыроў ад дзесяці вядучых вытворцаў краіны. Годна выглядала экспазіцыя адкрытага акцыянернага таварыства “Пастаўскі малочны завод”, якую ўпрыгожылі разнастайныя фотаздымкі, незвычайныя вырабы і нарэзкі сыру.

— На другі сырны фестываль мы прадставілі 9 відаў прадукцыі, — расказвала галоўны тэхнолаг прадпрыемства Святлана Германовіч. — Усе сыры ўдзельнічалі ў народнай дэгустацыі на “Лепшы сыр” па розных намінацыях. Ацэнку вырабам давалі шматлікія наведвальнікі і ўдзельнікі фестывалю. Яны высока ацанілі нашу прадукцыю. У намінацыях “Лепшы сыр для дзяцей” і “Лепшы сыр для закускі” першыя месцы прысуджаны адпаведна сырам “Альпийский” і “Грюер”. Прыгатаваны па класічнай тэхналогіі  сыр “Пармезан Гранд” атрымаў трэцяе месца ў намінацыі “Лепшы сыр для запякання”. Самым смачным на рэспубліканскім фестывалі аказаўся сыр “Манарх люкс”. Такую ацэнку ён атрымаў падчас “крысиных бегов”. Былі на фестывалі і такія, і ў іх пацукі найперш накінуліся на гэты сыр.

Дэлегацыя спецыялістаў прадпрыемства вярнулася з фестывалю з выдатным настроем і  дыпломамі. Дарэчы, ацаніць смакавыя якасці прадукцыі могуць і пастаўчане. Дэгустацыя сыроў праводзіцца па нядзелях у  магазіне “Малако” на плошчы імя Леніна з 12 да 14 гадзін.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.