Першыя ў рэспубліцы

Личности

У абласным цэнтры адбыўся фінальны этап штогадовай рэспубліканскай спартакіяды па летнім мнагабор’і «Здароўе». Удзел у ёй прынялі зборныя каманды Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гро­дзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Для школьнікаў, якія пражываюць у гарадской і сельскай мясцовасці, спаборніцтвы праводзіліся асобна. Удзельнікі выступалі ў шасці дысцыплінах: стральбе, плаванні, скачках у даўжыню з месца, бегу на кароткую і доўгую дыстанцыі, падцягванні (хлопчыкі) і згінанні і разгінанні рук ва ўпоры лежачы ад падлогі (дзяўчынкі).

Гонар Віцебскай вобласці адстойвалі і пастаўчане Андрэй Ластоўскі, Анастасія Качаноўская і Аляксей Звяруга. У склад зборнай яны ўвайшлі пасля абласнога этапа спартакіяды, дзе паказалі выдатныя вынікі і набралі найбольшую колькасць ачкоў. Дарэчы, на гэтым этапе каманда нашага раёна выступіла як ніколі добра і заняла трэцяе месца.

На завяршальным этапе абедзве зборныя каманды Віцебскай вобласці (прадстаўнікі гарадскіх і сельскіх школ) занялі першае месца ў сваіх групах і сталі чэмпіёнамі Беларусі. Важкі ўклад у пераможную скарбонку ўнеслі і нашы спартсмены — Андрэй Ластоўскі ў сваёй узроставай катэгорыі паказаў найлепшы вынік па скачках у даўжыню з месца, а Аляксею Звяругу роўных не было ажно ў трох дысцыплінах: скачках у даўжыню з месца, плаванні і бегу на 30 метраў.  Рыхтавалі да спаборніцтваў пастаўскіх школьнікаў настаўнікі фізічнай культуры Г. Р. Ластоўскі (Старадворская базавая школа) і А. Л. Вавінскі (гімназія).

Пераможцы рэспубліканскай спартакіяды па летнім мнагабор’і «Здароўе» ўзнагароджаны граматамі і медалямі.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.