Развіталіся з Баявым сцягам (+фота)


Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 чэрвеня 2014 года №262 “Аб мерах па аптымізацыі дзейнасці органаў пагранічнай службы, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях” да 1 жніўня 2014 года прадугледжана перадача штатнай колькасці Асобнага авіяцыйнага атрада органаў пагранічнай службы, які дыслацыруецца на аэрадроме “Азёркі” ў Пастаўскім раёне, органам і падраздзяленням  па надзвычайных сітуацыях. З гэтай нагоды на мінулым тыдні верталётчыкі развіталіся з галоўным сімвалам часці — Баявым сцягам.

На апошнюю сумесную сустрэчу прыйшлі дзеючыя афіцэры, прапаршчыкі і кантрактнікі авіяатрада, тыя, хто паспеў змяніць месца службы або пайшоў на пенсію, а таксама сем’і ваеннаслужачых. Хвалюючым і трывожным атрымаўся рытуал унясення Баявога сцяга на пляц, дзе застылі парадзелыя рады вайскоўцаў. Да іх з  прамовай звярнуўся камандзір атрада падпалкоўнік А. В. Ярома.

— Першая асобная авіяцыйная эскадрылля пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь была створана 25 кастрычніка 1993 года, — адзначыў Алег Васільевіч. — Ля яе вытокаў стаялі вопытныя спецыялісты, майстры сваёй справы палкоўнікі Э. П. Сяргун і А. І. Данільчык, падпалкоўнік В. М. Трафімаў. Граматна вырашалі ўсе пытанні  камандзір эскадрыллі палкоўнік М. І. Харчанка, начальнік штаба маёр П. У. Харчанка, намеснікі камандзіра Д. У. Лагуцін, А. Б. Холеў, А. У. Цёма і іншыя. Пры фарміраванні часці службу пачыналі 24 афіцэры і 33 прапаршчыкі. Дзякуючы ім ужо ў пачатку сакавіка 1994 года пачаліся палёты на ахову Дзяржаўнай граніцы Беларусі.

Знакавымі падзеямі ў гісторыі часці сталі: уручэнне Баявога сцяга, узбраенне французскімі верталётамі, абмен вопытам з прадстаўнікамі сілавых структур шэрага замежных краін, удзел у ваенна-стратэгічных вучэннях.

Цяперашняму пакаленню пагранічнікаў-авіятараў ёсць кім ганарыцца: чатыры афіцэры ўзнагароджаны ордэнам “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах” 3-яй ступені, 35 ваеннаслужачых — медалямі “За бездакорную службу”, 52 носяць званне выдатнікаў органаў пагранічнай службы. Авіяцыйны атрад сем разоў узнагароджваўся пераходнымі вымпеламі і прызамі старшыні Дзяржпагранкамітэта, на працягу больш за 20 гадоў надзейна ахоўваў Дзяржаўную граніцу.

Поспехі і дасягненні авіяцыйнага атрада забяспечвалі яго былыя камандзіры, лётчыкі-прафесіяналы палкоўнікі Мікалай Іванавіч Харчанка, Валерый Сцяпанавіч Гарачка, Станіслаў Іосіфавіч Раманчук. Яны засталіся вернымі прысязе, калектыву і разам з іншымі прыйшлі на развітанне з часцю, Баявым сцягам, падзяліліся сваім бачаннем сітуацыі. Цяперашні і былыя камандзіры выказалі шчырую падзяку афіцэрам, прапаршчыкам і іншым ваенна­служачым, усім работнікам атрада  за навучанне і выхаванне падначаленых, забеспячэнне парадку і высокай дысцыпліны ў падраздзяленнях, сумленнае выкананне ўсіх задач.

На цырымоніі развітання са сцягам выступілі намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў і галоўны штурман — начальнік пошукава-выратавальнай і парашутна-дэсантнай службы Дзяржпагранкамітэта П. А. Чаркесаў.

Пад гукі духавога аркестра пагранічнікі ў апошні раз прайшлі ўрачыстым строем перад сцягам. Спатрэбіцца нямала часу, пакуль лётна-тэхнічны састаў асвоіцца ў новым падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях. Іншым ваеннаслужачым хочацца пажадаць хуткага ўваходжання ў новыя воінскія калектывы. А каб захаваць традыцыі і аўтарытэт пагранічнай авіяцыі, воінскае братэрства, верталётчыкі вырашылі кожны год 25 кастрычніка, у дзень нараджэння іх вайсковай часці, збірацца разам.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.