Сапфіравая старонка ў кнізе сямейнага жыцця


Ганна Пятроўна і Генадзій Іванавіч Турчыновічы

Ажыўлена і шматлюдна было ў канцы красавіка ў хаце Ганны Пятроўны і Генадзія Іванавіча Турчыновічаў з вёскі Даравое Ваўкоўскага сельсавета. Іграла музыка, гучалі песні, кружыліся пары. А нагода — сапфіравае вяселле гаспадароў, якое арганізавалі ім сыны і нявесткі. Нават вэлюмам “нявесту” ўпрыгожылі. Павіншаваць “маладажонаў” прыехалі тры сыны, тры нявесткі, трое ўнучак і адзін унук, іншая радня, а таксама старшыня Ваўкоўскага сельскага Савета Таіса Браніславаўна Баторы.

— Мы стараемся не выпускаць з поля зроку юбіляраў, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета, — расказвала Таіса Браніславаўна. — Завіталі і да Турчыновічаў, якія перагарнулі сапфіравую старонку ў кнізе сямейнага жыцця. Сям’я заслугоўвае ўвагі. За плячыма 45 гадоў сумеснага жыцця, на працягу якіх муж з жонкай дзялілі на дваіх радасць і смутак, узлёты і падзенні, здабыткі і нястачы. І як вышэйшая ўзнагарода за ўсё — выдатныя дзеці і цудоўныя ўнукі. Ганна Пятроўна — наша былая работніца, доўгі час працавала касірам. І цяпер першая памочніца, бо з’яўляецца старэйшынай вёскі. Часта звяртаецца ў сельвыканкам з рознымі просьбамі, ініцыятывамі, заўсёды ахвотна адклікаецца на нашы прапановы. Заслужаным аўтарытэтам карыстаецца і Генадзій Іванавіч. У мінулым ён адзін з лепшых механізатараў калгаса “Чырвоны сцяг”.

Яны жылі ў суседніх вёсках, успыхнула іскрынка кахання.

— Вяселле тады было модна рабіць і ў жаніха, і ў нявесты, — успамінала Ганна Пятроўна. — Але мае бацькі былі ўжо даволі пажылыя, мне толькі 19 споўнілася. Таму вырашылі з Генам, што распішамся, павянчаемся — і хопіць. Так і зрабілі. Затое якое сапфіравае вяселле нам зладзілі дзеці! Яны паклапаціліся і пра святочны стол, і нават музыканта з Норыцы запрасілі. Мы з мужам гасцямі былі.

У Турчыновічаў тры сыны. Як, напэўна, і ўсім бацькам, ім хацелася мець яшчэ і дачушку. Цяпер маюць ажно трох — гэта любімыя нявесткі. Ганна Пятроўна з удзячнасцю гаварыла пра кожную. Яе радуе, што яны дружныя паміж сабой, чулыя, спагадныя, прыветлівыя да іх, бацькоў.

— Я не веру тым лю­дзям, якія кажуць, што пражылі разам шмат гадоў і не разу не пасварыліся, — гаварыла Ганна Пятроўна. — Не буду крывіць душой: у нас усялякае здаралася. Але стараліся дараваць адно другому, саступіць, часам змаўчаць. Так рабіла сама, гэтаму вучу і дзяцей. А ўвогуле, варта жыць з Богам у сэрцы, і ён дапаможа.

Некалі Турчыновічы трымалі вялікую гаспадарку: дзвюх кароў, каня, свінаматку, свіней, курэй. Цяпер здароўе і спрыт не такія, як у маладосці, падступаюць хваробы. Але яны не сядзяць склаўшы рукі. Генадзій Іванавіч даглядае каня,  Ганна Пятроўна — курэй. Іх дом не ведае цішыні: часта прыязджаюць дзе­ці. У бацькоўскім доме яны любяць адзначаць усе святы. На канікулах тут бавяць час унукі. Утульны дом поўніцца смехам і жартамі, і маладзее душа яе гаспадароў.

Анна АНІШКЕВІЧ. Фота з сямейнага альбома Турчыновічаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.