Суседкі


Марыя Пятроўна Крэміс і Алена Антонаўна Захарыч

Марыя Пятроўна Крэміс і Алена Антонаўна Захарыч — суседкі і далёкая радня. Доўгі час непадалёк жылі ў Рудым, куды Гэля прыйшла замуж. А потым ледзь не ўсёй вёскай перабраліся ў Ляхаўшчыну. І тут ужо пабудава­ліся побач. У маладосці часу на размовы было няшмат — хапала хатніх спраў, рупіліся на саўгаснай рабоце. А цяпер толькі і жывуць успамінамі.

У Марыі Пятроўны хворыя ногі. Яна далей свайго дварышча не ідзе. А Алена Антонаўна на дзень да суседкі колькі разоў загляне. Вось і на гэты раз жанчынам прыемна было вярнуцца ў далёкія дзяцінства і маладосць, расказаць пра цяжкасці і радасці.

— Найбольш урэзалася ў памяць вайна, — гаварыла Алена Антонаўна. — Недалёка ад маіх родных Жуперак праходзіла лінія фронту. Аднаго разу салдаты спыніліся каля студні папіць вады. І тут пачаўся абстрэл. Некалькі запальных куль трапіла ў саламяную страху хаты, і яна запалала. За лічаныя хвіліны засталіся без жылля. Уцалела глінабітная лазня. У ёй і прытуліліся.

— А наш бацька на фронце загінуў, — уступае ў размову Марыя Пятроўна. — Мама засталася з дваімі дзецьмі. І з коньмі дзяўчаты ўпраўляліся, і з касой.

— У якой беднаце жылі! — працягвала А. А. Захарыч. — Замест шафы — скрыня ад снарадаў. А што ў яе складваць? З ­адзення — сукенка і спадніца. Адзін раз на танцы іду ў сукенцы, у другі — паверх яе нацягвала спадніцу. Памятаю, брат аднекуль прывёз белую штору. З яе пашылі сукенку. Амаль усе вясковыя дзяўчаты яе ў мяне пазычалі. Потым я яе перашыла ў блузку і на другі дзень свайго вяселля надзявала. Басаножкі, зробленыя з дрэва, самым модным абуткам былі. Цяпер ёсць усё: грошы, уборы, мэбля, прадукты ўсялякія, а здароўя няма. Калі даўней на стале катлеты былі? Толькі ў вялікія святы, і то не ў кожнай сям’і. А цяпер нават мяса прыелася. Самі не ведаем, чаго хочацца.

Марыя Пятроўна аўдавела менш чым год таму. Сумуе па мужу, у якога былі залатыя рукі сталяра. Адзіноту “разбаўляе” суседка, па некалькі разоў на дзень наведваюцца сын з нявесткай, якія таксама жывуць у Ляхаўшчыне. У выхадныя дні прыязджаюць сыны з Мядзела і Пастаў, радуюць унукі і праўнукі.

— 25 гадоў адпрацавала даяркай, — расказвала Пятроўна. — Спачатку 15 кароў даіла ўручную, потым 50 — апаратамі. А як цяжка было раздойваць першацёлак! Працы не шкадавала, усё рабіла сумленна. Можа, таму ў старасці і ногі адказваюць, і рукі непаслухмянымі сталі.

Пацвярджэннем таму, што М. П. Крэміс была надзвычай працавітай, стараннай, з’яўляюцца ўзнагароды — Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР і ордэн “Знак Пашаны”, якія жанчына беражліва захоўвае.

Алена Антонаўна аўдавела 15 гадоў назад, ёй было тады 60. Муж доўга і цяжка хварэў, чатыры гады ўвогуле праляжаў нерухома. А якім гаспадаром быў! Спачатку пабудавалі невялікі дом, калі падраслі дзеці — узвялі вялікі цагляны. Цяпер Алена Антонаўна ў ім адна. Адзін сын жыве ў Паставах, другі — у Гомелі. Прыязджаюць часта, дапамагаюць. Ды і сама яшчэ, як кажуць, трымае марку: ідэальны парадак у агародчыку і на градках, чысціня ў пакоях. А колькі навязала сурвэтак, рукавічак, шкарпэтак! Яна ў гэтай справе майстрыха, здольная ператварыць у ажурны цуд абрус, дыван, якімі аздоблена хата. Ва ўсім мае добры густ. А яшчэ без Алены Антонаўны не абыходзілася ні адно вясковае вяселле, бо яна — адмысловы повар.

Засталіся ў мінулым спрыт і бадзёрасць. Але ўсё роўна стараюцца падтрымліваць парадак каля дома, пад вокнамі  цвіце мноства кветак, радуе ўсходамі агародніна. Праз гады і выпрабаванні не згубілі суседкі добрыя якасці душы. Спагаднасць, разважлівасць, мудрасць, узаемаразуменне вызначаюць жанчын. Яны адна для адной падтрымка і апора ў любой справе.

Анна АНІШКЕВІЧ. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.