Свая “Планета” ў Паставах

Культура Личности

А з’явілася яна ў гарадскім парку дзякуючы выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Паліне Піраговай.

З названай вышэй  навучальнай установай у Па-стаўскага райвыканкама існуе дамоўленасць аб супрацоўніцтве, якая неўзабаве будзе замацавана афіцыйным дагаворам. У адпаведнасці з ёй, на працягу двух гадоў напярэдадні Міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” студэнты акадэміі прыяз­джалі да нас на творчыя пленэры, арганізаваныя на базе таварыства з абмежаванай адказнасцю “ПостКамень”, а затым дарылі гораду свае работы. Адной з удзельніц тых пленэраў была Паліна, якая вырашыла выканаць тут і сваю дыпломную работу.

Працаваць над арыгінальнай каменнай скульптурай пад назвай “Планета” дзяўчыне дапамагаў аднакурснік Васіль Цімашоў (там, дзе была неабходна фізічная сіла). У прыватнасці, прабіваў дзірку ў вялізнай каменнай глыбе вагой больш за 1,5 тоны. З астатнім спраўлялася сама Паліна, якая ўмела абыходзіцца з балгаркай, перфаратарам і іншым спецыяльным інструментам. Пад яе рукамі ў цэнтры каменя паступова з’явілі­ся абрысы двух твараў, размешчаных адзін насупраць аднаго.

— Твары сімвалізуюць сабой мужчынскі і жаночы пачаткі. Яны ўтвараюць сферу, як нябесная планета, у якой ёсць уласны ўнутраны свет. У да­дзеным выпадку гэта свет сям’і, узаемаадносін унутры яе, кахання. Сфера з’яўляецца таксама сім­валам Космасу і бясконцасці, — растлумачыла аўтар канцэпцыю сваёй работы.

На яе выраб спатрэбілася ў цэлым каля двух тыдняў. Увесь гэты час маладыя скульптары жылі непасрэдна на прадпрыемстве, у невялікіх апартаментах, прадастаўленых дырэктарам “ПостКамня” С. М. Попраўкам. Харчаваліся ў кафэ “Паазер’е”. За сродкі раёна для іх набылі неабходны інструмент. Працавалі з 10 гадзін раніцы і амаль да змяркання, пакуль хапала сіл.

Ад знаходжання ў райцэнтры ў Паліны засталіся самыя лепшыя ўражанні. Яна адзначыла прыгажосць і непаўторнасць нашага горада. Асабліва спадабаліся старыя цагляныя дамы на цэнтральнай плошчы. Вельмі рада таму, што сваю дыпломную работу выконвала менавіта на “ПостКамне”.

— На прадпрыемстве працуюць цудоўныя людзі, — гаварыла дзяўчына. — Калі ў мяне нешта не атрымлівалася, яны падыходзілі і дапамагалі. Я вельмі ўдзячна Сяргею Мікалаевічу Попраўку і намесніку старшыні Пастаўскага райвыканкама Юрыю Мікалаевічу Кісялёву за добрую арганізацыю пленэраў, забеспячэнне матэрыялам і інструментам для работы.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.