У фокусе — юнацтва. У Паставах падвялі вынікі дзіцячага фотаконкурсу

Культура

Удзельнікі конкурсу разам з куратарам выставы Рытай Шылей і старшынёй фотаклуба "Светосила" Андрэем Мацурам

1 чэрвеня ў Пастаўскім Доме рамёстваў адбылося адкрыццё фотавыставы “Пераходны ўзрост”. Яна стала вынікам дзіцячага фотаконкурсу, арганізаванага мясцовым фотаклубам “Светосила”.

Збірацца ў Міжнародны дзень абароны дзяцей для юных творцаў ужо становіцца традыцыяй. Летась у першы дзень лета прайшла прэзентацыя фотавыставы “Свет вакол нас”, якая ўпершыню аб’яднала работы нераўнадушных да фатаграфіі падлеткаў. Па тэматыцы яны былі самымі разнапланавымі. Сёлета задача перад удзельнікамі конкурсу ставілася больш складаная — арганізатары абмежавалі іх вузкай тэмай “Пераходны ўзрост”. Прапаноўвалася адлюстраваць насычанае юнацкае жыццё ў самых розных яго праявах: будні, святы, праблемы, захапленні, мэты, перамогі… Задача няпростая, але пасільная.

— Калі толькі пачалі дасылаць работы, мяне чакала расчараванне, — успамінала куратар выставы Рыта Шылей. — Многія “жывыя” і цікавыя здымкі былі нізкаякаснымі па тэхнічных параметрах, і гэта не дазваляла распячатаць работы для шырокага паказу. Узнікалі пытанні і са зместам. Да апошніх дзён прыёму работ спадзявалася, што ўбачу мацнейшыя работы. Надзеі апраўдаліся, было даслана шмат добрых фатаграфій, якія і склалі экспазіцыю выставы.

Здымкі даслалі 30 падлеткаў. У фінал прайшлі работы 9 аўтараў — Лізаветы Карабейнік і Кацярыны Адамовіч з Мядзела, пастаўчан Рымы Шальц, Анастасіі Гутар, Кацярыны Лысёнак, Ірыны Паўлавай, Вікторыі Захарыч, Ганны Пракаповіч, Аляксея Мітуневіча. На іх работах — каляровыя і чорна-белыя партрэты сучаснікаў, моманты вучобы і адпачынку, філасофскія замалёўкі…

—            Прыемна, што конкурс прайшоў і выстава склалася, — падвёў вынікі старшыня фотаклуба “Светосила” Андрэй Мацур. — Некаторыя дзеці ўдзельнічалі другі год запар, і гэта таксама радуе. Многім удалося адысці ад шаблонаў — “захадаў”, “світанняў” і г.д.  Хочацца верыць, што ўсе старанні невыпадковыя і  крок за крокам, конкурс за конкурсам вы будзеце ўдасканальваць сваё фотамайстэрства. А мы пастараемся гэтаму спрыяць. Сёлетнюю выставу таксама пакажам у Мінску, і ў кожнага з ахвотных з’явіцца магчымасць атрымаць кансультацыю ў прафесіяналаў.

Андрэй Мацур адзначыў, што ініцыятывы фотаклуба заўсёды падтрымліваюць у Доме рамёстваў. Ён выказаў удзячнасць дырэктару ўстановы Таццяне Мікалаеўне Петух за падтрымку ў арганізацыі выстаў, дырэктару ТАА “Митаро” Міхаілу Міхайлавічу Трыказенку, які аказаў арганізатарам спонсарскую дапамогу і Пастаўскай райкінавідэасетцы.

Прызавыя месцы сёлета не вызнача­ліся. Кожны з удзельнікаў атрымаў дыпломы і невялікія падарункі — кубкі з нанесенымі на іх фатаграфіямі юных аўтараў, навушнікі, а таксама бясплатны сеанс у 7D-кіназале. Галоўным прызам для ўсіх канкурсантаў стане арганізацыя майстар-класаў і лекцыйных заняткаў па тэорыі фатаграфіі.

Экспазіцыя выставы будзе знаходзіцца ў Доме рамёстваў яшчэ 2 месяцы.

 Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.