У кожным сувеніры — часцінка сэрца

Культура Личности

Т. М. Петух з сувенірамі для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю

Ці можаце вы, паважаныя чытачы,  уявіць сабе наш міжнародны фестываль без “Горада майстроў”? Напэўна, не. Ён стаў такой жа неад’емнай часткай музычнага свята, як і “Пастаўскі баль”, феерверк, конкурс “Хто каго?”. А сам “Горад” без яго пастаянных “жыхароў” — работнікаў Пастаўскага Дома рамёстваў “Стары млын” — уяўляеце? Думаю, адказ зноў будзе адмоўны. Народныя ўмельцы, аб’яднаныя пад дахам названай установы, не толькі штогод прадстаўляюць на ім свае вырабы, але і адказваюць за сувенірную прадукцыю ў падарунак удзельнікам і гасцям “цымбалаў”.

— Рыхтавацца да наступнага фестывалю мы пачынаем практычна пасля завяршэння папярэдняга, — расказвала дырэктар Дома рамёстваў Т. М. Петух. — Шукаем новыя ідэі, распрацоўваем эскізы і робім папярэднія ўзоры сувеніраў, якія будуць уручацца членам аргкамітэта, калектывам, прадстаўнікам афіцыйных дэлегацый. Кожны раз стараемся, каб нашы работы былі асаблівымі, не падобнымі на ранейшыя, адлюстроўвалі традыцыйныя напрамкі народнай творчасці, якія бытавалі на Пастаўшчыне, утрымлівалі ў сабе мясцовыя матывы.

Такіх сувеніраў невялікі калектыў “Старога млына”, у штаце якога ўсяго 7 чалавек, падрыхтаваў каля 150. Па словах Таццяны Мікалаеўны, сёлета яны асабліва складаныя ў выкананні. Гэта плеценыя з саломы лялькі ў саматканых уборах, карціны-пано, у якіх спалучаюцца ткацтва, кераміка, салома­пляценне і роспіс па тканіне, кошыкі, абцягнутыя тканінай і напоўненыя саламянымі кветкамі. Кожная работа мае канкрэтнага аўтара, які распрацоўваў яе эскіз. А вось увасабленнем ідэі ў жыццё займаліся адразу некалькі чалавек. Напрыклад, лялькі — вынік сумеснай працы дырэктара Дома рамёстваў, якая пляла аснову пад іх, і кіраўніка народнага клуба “Майстры” А. А. Касенка — яна афармляла адзенне. Ідэя кошыкаў з кветкамі належыць метадысту па народным касцюме К. М. Брэскай, якой дапамагалі метадыст па ткацтве А. В. Крывенькая і малодшы навуковы супрацоўнік установы Р. П. Кузьміч. Пано з маляванкай і керамікай рабілі метадыст па гэтых напрамках творчасці В. М. Гукава і тэхнік клуба “Майстры” В. А. Танана.

Шмат прадукцыі падрыхтавана і на продаж. Яе работнікі Дома рамёстваў выраблялі на працягу ўсяго года. Тканыя ручнікі, саламяныя картузы і капелюшы, разнастайныя падушачкі, сурвэткі, пано, дробныя керамічныя вырабы — гэта і многае іншае павязуць з сабой дамоў удзельнікі і госці фестывалю. А разам з імі — часцінку сэрца майстроў і нашай Пастаўшчыны.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.