У няпростых умовах


Правізары-рэцэптары цэнтральнай аптэкі №87 Пастаўскага раёна І. М. Камарніцкая, Т. В. Волк, Т. К. Турчынская, фармацэўт-рэцэптар Т. М. Дробышава з загадчыцай аддзела рознічнай рэалізацыі М. І. Скаромнай (трэцяя злева) і загадчыцай аптэкі Ж. А. Лагвіненка (у цэнтры).

Разам з медперсаналам лячэбных устаноў краіны сваё прафесійнае свята заўтра будуць адзначаць і работнікі аптэк. Спакон веку ўрачы, фельчары, медсёстры працуюць у цесным тандэме з праві­зарамі і фармацэўтамі, робяць адну справу — клапоцяцца пра наша здароўе. 

Аптэчная сетка Пастаўшчыны прадстаўлена 11 дзяржаўнымі аптэкамі, 6 з якіх знахо­дзяцца ў горадзе і 5 — на сяле. Таксама ў раёне працуюць 27 гандлёвых кропак па продажы лякарстваў і вырабаў медыцынскага назначэння: 26 арганізаваны пры ФАПах, 1 — пры сельскай урачэбнай амбулаторыі. Усяго ў аптэчнай сетцы занята каля 40 работнікаў, у тым ліку 24 спецыялісты, палова якіх мае вышэйшую адукацыю.

— Пры гэтым нам не хапае двух правізараў і чатырох фармацэўтаў, — скардзіцца загадчыца цэнтральнай аптэкі №87 Пастаўскага раёна Ж. А. Лагвіненка. — Таму прыйшлося часова закрыць аптэку ў мікрараёне будаўнікоў, а лынтупская і парыжская ўжо каторы год працуюць па “вахтавым метадзе”. Раз у тыдзень туды ез­дзяць фармацэўты з пастаўскай цэнтральнай і варапаеўскай аптэк, што значна ўскладняе і без таго нялёгкую работу дзяўчат з “першага стала”, якія займаюцца водпускам лякарстваў насельніцтву. Часам ім даво­дзіцца працаваць у паўтары, а то і дзве змены, без выхадных.

Але і ў такіх няпростых умовах аптэчныя работнікі раёна паспяхова спраўляюцца з пастаўленай перад імі задачай — забеспячэннем насельніцтва і арганізацый аховы здароўя лекавымі сродкамі, вырабамі медыцынскага назначэння і іншымі прадметамі аптэчнага асартыменту, дазволенымі да прымянення ў медыцынскай практыцы ў Рэспубліцы Беларусь, штогод выконваюць і перавыконваюць даведзеныя планавыя паказчыкі. За дасягнутыя летась станоўчыя вынікі ў дзейнасці прадпрыемства ў цэлым і высокую культуру абслугоўвання насельніцтва калектыў цэнтральнай аптэкі №87 узнагароджаны Ганаровай граматай Віцебскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Фармацыя”. А па выніках работы за першы квартал 2014 года заняў трэцяе месца сярод цэнтральных аптэк Віцебшчыны і адзначаны грашовай прэміяй. Значны ўклад у агульны поспех уносяць аптэкі ў Варапаеве, па вуліцах Савецкай і Вакзальнай у Паставах, якімі загадваюць Т. П. Мельнікава, В. І. Громава і А. А. Макарэвіч.

Расказваючы пра калектыў, Жанна Анатольеўна адзначыла, што яго аснову складаюць прафесіяналы з вялікім стажам і вопытам работы. У некаторых ён 30—40 і нават 50 гадоў. Гэта згаданая вышэй Т. П. Мельнікава, загадчыца дунілавіцкай аптэкі А. І. Машніч, правізар-тэхнолаг пастаўскай цэнтральнай аптэкі Л. І. Казлова, правізары-рэцэптары Т. К. Турчынская і Н. В. Рубцова, іншыя спецыялісты. У той жа час пенсіянерам і работнікам перадпенсійнага ўзросту ёсць дастойная маладая змена ў асобе Т. М. Дробышавай, І. М. Камарніцкай,  А. С. Дашкевіч. Летась пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта на работу ў цэнтральную аптэку прыйшлі Т. Волк і А. Трублоўская, якія добра зарэкамендавалі сябе на самым складаным участку — у аддзеле рознічнай рэалізацыі.

Аптэчныя работнікі не толькі паспяхова спраўляюцца са сваімі прафесійнымі абавязкамі, але і актыўна займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый аптэк, большасць якіх з вясны да восені патанаюць у кветках. А пастаўскія правізары і фармацэўты прыклалі нямала сіл таксама да таго, каб адрамантаваць свой старажытны будынак, якому больш за два стагоддзі.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.