Услаўлялі ў Кракаве і Камаях

Культура Личности

Першага чэрвеня ў касцёле Святога Яна Хрысціцеля ў Камаях адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды 50-ай гадавіны з дня смерці нашага слыннага земляка Браніслава Руткоўскага — знака­мітага арганіста, публіцыста, грамадскага дзеяча і педагога.

Жыццёвы шлях Браніслава Руткоўскага быў нядоўгім: ён памёр ва ўзросце 66-ці гадоў, але за гэты час здолеў зрабіць вельмі шмат. Той уклад, які ён унёс у мастацтва, сапраўды неацэнны. Вучыўся Б. Руткоўскі ў кансерваторыях Санкт-Пецярбурга і Варшавы, праходзіў курсы на факультэце мастацтваў Віленскага ўніверсітэта, а завяршыў сваю адукацыю ў Парыжы, дзе займаўся пад кіраўніцтвам легендарнага французскага арганіста Луі В’ерна, які і зрабіў выдатную агранку камайскаму брыльянту. Бліскучая адукацыя дала магчымасць пазнаёміцца з перадавымі тэндэнцыямі ў музыцы, стаць заснавальнікам Кракаўскай арганнай школы, шмат гастраліраваць, займацца папулярызацыяй музыкі, выкладаць.

Ушанаваць памяць Браніслава Руткоўскага сабралася шмат ганаровых гасцей. Сярод іх — біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Уршуля Дарашэўска, прафесар Акадэміі музыкі ў Кракаве Марэк Стэфаньскі, генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Уладзіміравіч Канюк, пляменніца Б. Руткоўскага Яніна Сівіцкая, прадстаўнік Беларускага фонду культуры, наш зямляк Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі. Як і іншыя, ён сказаў шмат цёплых слоў пра Браніслава Іосіфавіча:

— На жаль, так склалася гістарычна, што многія беларусы былі вымушаны пакінуць радзіму, жыць і працаваць за мяжой. Сваім талентам яны праслаўлялі іншыя краіны свету. Перш за ўсё гэта Адам Міцкевіч, Станіслаў Манюшка, Браніслаў Руткоўскі, імя якога мы сёння вяртаем на радзіму.  Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца, бо ён праславіў не толькі Камаі, але і ўсю Беларусь.

Пасля святой Імшы адбыўся канцэрт арганнай музыкі. Марэк Стэфаньскі (на здымку) выканаў каля дзясятка твораў, якія вельмі любіў і часта іграў Браніслаў Іосі­фавіч. У выкананні прафесара музыкі яны гучалі надзвычай прыгожа, дарылі хвіліны радасці і духоўнага ўзвышэння. Нездарма кажуць, што арганная музыка ўзносіць да нябёсаў. Пасля канцэрта ўдзельнікам мерапрыемства быў прапанаваны для прагляду відэазапіс выступлення кіраўніка кафедры арганаў Акадэміі музыкі ў Кракаве Міраславы Семянюк-Подразы. Яна расказала пра той уклад, які наш зямляк унёс у развіццё польскай музычнай культуры, а таксама адзначыла, што ў гэты дзень Камаі і Кракаў адзіныя, паколькі ў абодвух населеных пунктах прахо­дзяць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Б. І. Руткоўскаму. Завяршылася сустрэча адкрыццём шыльды ў прылеглым да касцёла скверы, які па рашэнні сесіі Камайскага сельскага Савета дэпутатаў зараз бу­дзе насіць імя нашага знакамітага земляка.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.