Ведай свайго лідара


У штабе райкама ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” творчае папаўненне. Згодна з пастановай Бюро Цэнтральнага камітэта БРСМ, сёлета на Пастаўшчыне ўве­дзена стаўка другога сакратара. На гэту пасаду прызначана Вераніка Руткоўская. 

Дзяўчына родам з Лынтуп. Пасля заканчэння мясцовай школы паступіла ў Віцебскі тэхналагічны каледж, дзе атрымала спецыяльнасць тэхніка-прагра­міста. Паралельна вучылася на завочным аддзяленні Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта — штудзіравала нямецкую мову. З 2009 года працавала настаўнікам інфарматыкі і інжынерам-электроншчыкам у раённай гімназіі, з 2013-га — настаўнікам інфарматыкі ў СШ № 1. Па сумяшчальніцтве выкладала нямецкую мову ў Лынтупскай школе.

З работай грамадскага аб’яднання Вераніка знаёма са студэнцкіх гадоў. Больш цеснае супрацоўніцтва з БРСМ пачалося падчас работы ў СШ № 1, дзе дзяўчына з’яўлялася сакратаром пярвічнай арганізацыі педагогаў.

— Мне заўсёды было вельмі цікава займацца арганізацыйна-масавай работай, — прызналася. — Яна дорыць шмат новых ведаў, эмоцый, часта дапамагае раскрыць і сябе, і іншых з незнаёмага боку. І галоўнае — прымушае заўсёды рухацца наперад, не заседжвацца на адным месцы. Для мяне гэта вельмі важна.

Другі сакратар ужо мела магчымасць праявіць сябе на новай пасадзе: выступала на пастаўскім балі выпускнікоў, была вядучай на першым этапе раённага конкурсу “Шлях да поспеху”, дапамагала ў арганізацыі  маладзёжнай дыскатэкі, якую райкам БРСМ праводзіў у рамках сёлетняга фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”. Цяпер займаецца падрыхтоўкай патрыятычнай акцыі ”Спяём гімн разам”, прымеркаванай да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яе правядзенне запланавана на вечар 3 ліпеня.

—      Мы даўно адчувалі неабходнасць у яшчэ адным спецыялісце, — адзначыла першы сакратар райкама БРСМ Іна Каралёва. — Моладзі ў раёне шмат, таму пастанова Бюро Цэнтральнага камітэта была абсалютна лагічнай. Несумненна, прасцей будзе арганізоўваць святы, увасабляць у жыццё новыя праекты і ідэі.  Але галоўная задача, якая стаіць перад другім сакратаром, — работа з пярвічнымі арганізацыямі. Іх у раёне 86. Яны створаны ва ўсіх сярэдніх і базавых  школах раёна, на большасці прадпрыемстваў і аргані­зацый Пастаўшчыны і сёння аб’ядноў­ваюць 1100 маладых людзей. Але гэта не мяжа. Трэба і надалей прывабліваць увагу да БРСМ, асабліва працоўнай моладзі.

Гэта плануецца рабіць у тым ліку і за кошт скідак, колькасць якіх пашыраецца. Напрыклад, цяпер пры прад’яўленні членскага білета кожнага БРСМаўца чакае дваццаціпрацэнтная скідка на сеанс у нядаўна адкрытай 3D-кіназале, ёсць дамоўленасць з пастаўскай друкарняй і некаторымі іншымі арганізацыямі. Падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 4-21-36.

Іна СНЯЖКОВА.

 



1 комментарий по теме “Ведай свайго лідара

  1. Я очень рад за все хорошие начинания на Родине. Успехов всем во всем. Удачи дорогие земляки.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.