Віртуозна і акрылена

Культура

Паставы часта называюць цымбальнай сталіцай. А свае вытокі гэта музыка бярэ ў невялікай вёсачцы Пожарцы. Менавіта тут жылі таленавітыя і слынныя на ўсю акругу цымбалісты і майстры па вырабе цымбалаў. У 60-ыя гады мінулага стагоддзя з ліку музыкантаў з Пожарцаў і Груздава быў створаны груздаўскі цымбальны аркестр. У ім ігралі цэлымі сем’ямі. Сярод такіх былі і Мацкевічы: бацька Іван Іосі­фавіч, маці Марыя Ігнацьеўна, дачка Ванда і сын Іван. А калі падраслі ўнукі, Мацкевічы аб’ядналіся ў свой ансамбль. Ён быў вядомы далёка за межамі рэспублікі, выступаў на Крамлёўскай сцэне, між­народным кангрэсе цымбалістаў у Магілёве і іншых саюзных і рэспубліканскіх урачыстасцях.

Пераемнікамі груздаўскага цымбальнага аркестра сталі: спачатку ансамбль “Груздаўскія дзяды”, а затым — заслужаны аматарскі калектыў “Паазер’е” (кіраўнік — Анатоль Анатольевіч Собаль). У складзе апошняга іграюць  дачка вядомага пожарскага музыкі Івана Іосіфавіча Мацкевіча Ванда Іванаўна Мацкевіч і яго ўнучка Вікторыя Кірплюк.

— Колькі сябе памятаю, у нашай хаце заўсёды гучала музыка, — успамінала Ванда Іванаўна. — Тата на цымбалах іграў цудоўна: смела, лёгка, упэўнена, акрылена, натхнёна, віртуозна. Гэты талент яму перадаўся ад бацькі і дзеда. Навучыў і маму, а потым і нас з братам. Мама вельмі прыгожа танцавала і нас вучыла. А якія святы ладзіліся ў вёсцы, дзе жыло шмат таленавітых музыкантаў! Сэрца замірала ад гукаў скрыпкі ў руках Стані­слава Мельца. Лявон Мелец віртуозна валодаў цымбаламі. А рабіў іх таленавіты майстар Іосіф Новік. У яго быў абсалютны слых па настройцы. Той, хто хоць аднойчы чуў гук груздаўскіх цымбалаў, не зблытае іх з ніякімі іншымі. Яны заварожваюць кожнага.

Таленавітыя, улюбёныя ў музыку і ўнучка і праўнучкі Івана Іосіфавіча Мацкевіча — Вікторыя Кірплюк, Аляксандра і Аліцыя Палкіны (цымбалы), Паліна Кірп­люк (скрыпка). Яны сапраўдныя падзвіжніцы народнай музыкі, годныя прадаўжальніцы музычнай дынастыі. Саша — пераможца шматлікіх міжнародных конкурсаў цымбалістаў. Нямала дасягненняў і ў яе сясцёр. Юныя нашчадкі груздаўскіх музыкаў будуць выступаць і на сёлетнім Міжнародным фестывалі. На жаль, гледачы не змогуць пачуць «паазерцаў»: ансамбль на дзесяць дзён запрасілі ў Германію, дзе ён будзе прымаць удзел у тэатралізаваным свяце.

Тэкст і фота

Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.