Хуткасць, дакладнасць, бяспека


Ігар Якубоўскі і Сяргей Мянчынскі — пераможцы ў індывідуальным і камандным заліках.

На базе Пастаўскага лясніцтва прайшоў традыцыйны раённы конкурс вальшчыкаў лесу. За перамогу ў індывідуальным і камандным заліках змагаліся 20 прадстаўнікоў з дзевяці лясніцтваў і лесанарыхтоўчага ўчастка Пастаўскага лясгаса.

У лясной гаспадарцы краіны, у тым ліку Пастаўшчыны, на змену ўстарэлым метадам работы прыходзяць новыя тэхналогіі, высокапрадукцыйныя камп’ютарызаваныя машыны і іншае абсталяванне. Ужо сёння яны выконваюць вялікія аб’ёмы па нарыхтоўцы, распілоўванні і вывазцы драўніны. Тым не менш па-ранейшаму вельмі запатрабаванай застаецца прафесія вальшчыка лесу. Пра гэта сведчаць і спаборніцтвы лесарубаў, у якіх удзельнічаюць лепшыя прадстаўнікі вядучай прафесіі. Многія з іх на працягу апошніх гадоў паказваюць высокія вынікі і даказваюць, што для ўдасканалення прафесійнага майстэрства межаў не існуе. Асабліва ў такой складанай аперацыі, як валка лесу.

Дакладнасць і ювелірнасць гэтай работы дасягаюцца шляхам паўся­дзённай практыкі дзякуючы настойлівасці чалавека. Для таго каб дрэва лягло ў зададзеным кірунку і на дакладна вызначанае месца, лесарубу трэба да міліметра разлічыць працэс спілоўвання. Лепш за іншых справіўся з заданнем Ігар Якубоўскі з Ваўкоўскага лясніцтва. Трэцім стаў яго напарнік па камандзе Сяргей Мянчынскі. Юрый Альфер з лесанарыхтоўчага ўчастка  паказаў другі вынік. За валку лесу  канкурсанты атрымалі найбольшую колькасць балаў.

Хуткасць і дакладнасць, захоўванне мер бяспекі сталі вызначальнымі фактарамі ацэнкі конкурсу “Абрэзка сукоў”. Тут таксама ўлічваліся час і  кожны міліметр. Найбольш упэўнена і прафесійна праявілі сябе Валерый Лешчык (лесанарыхтоўчы ўчастак), Ігар Якубоўскі і Андрэй Мурзіч (Старадворскае лясніцтва).

У практыкаванні “Распілоўванне камбінаваным рэзам” прызёрамі сталі Аляксандр Мяцеліца (Камайскае доследнае лясніцтва), Юрый Альфер і Валерый Лешчык. Самую высокую ацэнку ў конкурсе “Дакладнае  распілоўванне” атрымаў Ігар Якубоўскі. Другі і трэці вынікі ў Андрэя Мурзіча і Станіслава Палачаніна са Старадворскага лясніцтва.

Мантаж цэпа бензапілы хутчэй за іншых правялі Валерый Лешчык, Юрый Альфер і Ігар Якубоўскі.

У конкурсе “Эстафета” зладжана і аператыўна дзейнічалі каманды лесарубаў з Пастаўскага і Камайскага лясніцтваў, майстарскага лесанарыхтоўчага ўчастка. Яны і выйшлі пераможцамі.

—  Па выніках пяці практыкаванняў, як і ў мінулым годзе, увесь п’едэстал гонару зноў занялі адны і тыя ж лесарубы. Розніца толькі ў тым, што яны памяняліся месцамі, — адзначыў галоўны суддзя спаборніцтваў, начальнік бюро па ахове працы лясгаса Віктар Сапрончык. — Упершыню пераможцам конкурсу “Лесаруб-2014” стаў Ігар Якубоўскі, другое месца заваяваў Юрый Альфер, трэцяе — Валерый Лешчык. Сярод юніёраў перамог Дзмітрый Старадуб з Камай. У агульным заліку мацнейшымі прызнаны Ваўкоўскае лясніцтва, лесанарыхтоўчы ўчастак і Старадворскае лясніцтва.

 Вынікі  конкурсу падвёў дырэктар лясгаса Уладзімір Місачэнка. Ён  па­дзякаваў усім удзельнікам за прафесійнае майстэрства, уклад, які ўносяць яны ў агульныя набыткі калектыву, уручыў пераможцам і прызёрам узнагароды.

Тэкст і фота Пятра Кураловіча.

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.