З конкурсу — у аркестр

Культура

Летась гран-пры Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” заваяваў выкладчык музыкі вілейскай гімназіі №2 гарманіст Барыс Харэвіч. Галоўным прызам для пераможцы стала запрашэнне старшыні журы, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча, народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца прыняць удзел у  выступленні з аркестрам.

— Яно адбылося ў верасні мінулага года на фестывалі “Музыка без межаў”, які праходзіў у Мінскай філармоніі,  і стала для мяне самай адказнай і хвалюючай падзеяй, —  расказваў Барыс Пятровіч. — Яшчэ некалькі гадоў назад нават не мог марыць пра тое, што буду саліраваць у такім знакамітым калектыве. А ўсё пачалося з Пастаў, якія лічу стартавай пляцоўкай у актыўнае творчае жыццё. Упершыню ў лік пераможцаў фестывалю трапіў яшчэ ў 2009 годзе, а летась за выкананне частушкі “Подружка моя” ў апрацоўцы вядомага расійскага кампазітара Яўгенія Дзярбенкі атрымаў гран-пры.

У мінулым годзе Барыс Харэвіч стаў таксама лаўрэатам конкурсу “Сметанинские встречи” (г. Архангельск), удзельнікам маскоўскага фестывалю-конкурсу “Гармоника — душа России”. Шырокавядомыя, папулярныя музычныя форумы былі для яго выдатнай школай павышэння прафесійнага майстэрства, бо ў іх удзельнічалі вельмі моцныя, таленавітыя гарманісты. Ён з задавальненнем выступае на сцэнічных пляцоўках Мінскай вобласці і за яе межамі. А ў снежні мінулага года даў майстар-клас вучням і педагогам Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў. Такія сустрэчы Барыс Іванавіч лічыць асабліва карыснымі для папулярызацыі гармоніка, на якім можна выканаць усё, пачынаючы ад класікі і заканчваючы джазам.

— Мяне вельмі парадавала тое, што на Варапаеўшчыне існуе свая выканальніцкая школа, — адзначыў Барыс Пятровіч. — Тут шмат таленавітых гарманістаў. Заўзята перабіраюць клавішы і сённяшнія выхаванцы навучальнай установы. А гэта азначае, што фестываль у Паставах будзе жыць.

Успамінаючы тую сустрэчу, выкладчыца школы мастацтваў, удзельніца народнага ансамбля “Заранка” Валянціна Тамазанава падкрэсліла:

— Ва ўсіх слухачоў выступленне Барыса Пятровіча выклікала захапленне. Ён высокапрафесійна выканаў шмат разнапланавых твораў.  Прыцягнуў увагу і сам інструмент з адметнай канструкцыяй, асаблівым строем, рэгістрамі. Вопытны педагог і выканаўца падзяліўся з настаўнікамі метадычнымі распрацоўкамі, нотным матэрыялам. Словам, сустрэча пакінула незабыўныя ўражанні, паклала пачатак далейшаму супрацоўніцтву.

Удзельнікам ХVII Міжнароднага фестывалю народнай музыкі віртуоз-гарманіст жадае творчых выступленняў, цікавых сустрэч, далейшай папулярызацыі народнай музыкі.

На здымку: Міхаіл Казінец і Барыс Харэвіч пасля цырымоніі ўзнагароджвання на мінулагоднім фестывалі.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.