Адпачываць дапамагае работа

Образование

Калі для малодшых школьнікаў лета — гэта час выключна для адпачынку, старшакласнікі, як правіла, імкнуцца сумяшчаць яго з работай у сельгасарганізацыях, на прадпрыемствах або ў працоўных лагерах. Адзін з такіх лагераў, працы і адпачынку, з 17 чэрвеня па 8 ліпеня дзейнічае пры пастаўскай СШ №1.

Кіруе ім настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Леанідаўна Салдаценка, у падпарадкаванні якой знаходзяцца 45 дзесяцікласнікаў з першай, трэцяй і чацвёртай гарадскіх школ. У кожнай створаны атрады лагера і ёсць намеснікі начальніка. Самы вялікі атрад — у СШ №1. Ён аб’ядноўвае 8 хлопцаў і 11 дзяўчат, якія разам з тэхнічнымі работнікамі займаюцца падрыхтоўкай школы да новага навучальнага года.

— У абавязкі навучэнцаў уваходзіць генеральная ўборка класаў — у прыватнасці іх мыццё і вынас смецця, фарбаванне мэблі і падлогі. Затым, калі фарба высахне, яны зоймуцца расстаноўкай сталоў і крэслаў у памяшканнях, — расказвае пра фронт работ сваіх падапечных Алена Леанідаўна. — Таксама школьнікі фарбуюць спартыўныя снарады на спортпляцоўцы, праполваюць прышкольны ўчастак і наводзяць парадак на тэрыторыі школы. Прыбіраць яе прыходзіцца штодня, бо цяпер на нашым стадыёне размясціўся луна-парк, пасля наведвання якога гараджанамі застаецца шмат смецця.

Усе без выключэння школьнікі стараюцца ў працы. Стымулам для гэтага з’яўляецца матэрыяльнае ўзнагароджанне, якое чакае іх у канцы змены. Цалкам задаволена работай старша­класнікаў не толькі начальнік лагера, але і намеснік дырэктара школы па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы В. В. Грынько, якая непасрэдна каардынуе працоўную дзейнасць. А хлопцы і дзяўчаты ў сваю чаргу ў адзін голас адзначаюць старанне школьнага повара Т. П. Латыш, якая гатуе для іх смачныя сняданкі і абеды. Кажуць, што за такое харчаванне трэба належным чынам адпрацаваць.

У цэлым рамонтнымі і іншымі работамі старшакласнікі займаюцца тры гадзіны ў дзень. Астатні час адведзены на культурна-масавыя мерапрыемствы. Часцей за ўсё яны спартыўнага плана: розныя спаборніцтвы, гадзіны футбола, валейбола, якія праводзяць настаўнікі фізвыхавання С. Г. Сядых і А. В. Бандарэнка. Ладзяцца таксама інтэлектуальныя гульні, мерапрыемствы да каляндарных дат. Напрыклад, з нагоды 90-годдзя з дня нара­джэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ў лагеры адбылося пасяджэнне літаратурнай гасцёўні і старшаклас­нікі выпусцілі сваю газету. Адным словам, жыццё ў лагеры насычанае і цікавае. Нездарма тра­піць у яго штогод жадаюць дзясяткі юнакоў і дзяўчат.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.