Кожны знайшоў сваю дарогу


Аліна Іосіфаўна Лапс з дзецьмі.

У лютым Аліне Іосіфаўне Лапс споўнілася 55. Адзначаць юбілей планавала сціпла. Але дзеці зрабілі па-свойму. Каб мама не абцяжарвала сябе прыгатаваннем страў, сервіроўкай стала, урачыстасць вырашылі правесці  ў кафэ “Салаўіны гай”. Сюрпрызам стала тое, што гасцей сустракалі ўдзельнікі вядомага ў рэспубліцы ансамбля народнай музыкі “Бяседа”. Іх запрасіў старэйшы сын Андрэй, які працуе гукарэжысёрам і супрацоўнічае з многімі вядомымі артыстамі Беларусі. У падарунак жа дзеці прыпаднеслі Аліне Іосіфаўне пуцёўку ў Егіпет. А каб маці магла спакойна адпачываць, у паездцы яе суправаджаў Андрэй.

— Першы раз любавалася такой прыгажосцю, — дзялілася ўражаннямі жанчына. — Перад вылетам у Егіпет сын паказаў мне Маскву. У захапленні ад усяго ўбачанага. Тыдзень жа ў Егіпце стаў райскім. Купалася ў моры, загарала, а ў галаве пракручваліся пражытыя гады.

Яна нарадзілася ў невялікай вёсачцы Верацеі Казлоўшчынскага сельсавета. Іх было тры сястры і брат. Маці працавала даяркай, бацька — рабочым. Дзеці рана сталі самастойнымі, імкнуліся дапамагаць бацькам: пасвілі і даілі кароў, палолі агароды, нарыхтоўвалі сена. Карацей, не цураліся ніякай работы.

У 1980 годзе Аліна выйшла замуж у Дунілавічы. Каб атрымаць жыллё, перабраліся ў Навасёлкі — цэнтр калгаса імя Суворава. Нарадзіўся Андрэйка, праз год Саша, у 1990-ым — Надзя, у 1992-ім — Насця. Спраўляцца з малымі было цяжкавата: бабулі далёка, і на мужа не магла разлічваць, бо ён улягаў у гарэлку. А час быў складаны, пара дэфіцыту на ўсё. Таму трымала дзвюх кароў, шмат свіней і свінаматак. Аліна Іосіфаўна ўдзячна былому старшыні калгаса Алегу Адольфавічу Валодзьку, айцу Анатолію з Асінагародскай царквы і многім іншым чулым, спагадным людзям, якія падтрымлівалі яе.

Сям’я ўрэшце распалася. Муж вярнуўся ў Дунілавічы, а дзеці сталі ёй памочнікамі. Яны ва ўсім стараліся падтрымаць маці, падмяніць яе і не засмучаць. Андрэй пасля 9 класаў паступіў у Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум вучыцца на бухгалтара, затым — у эканамічны ўніверсітэт. Саша, адслужыўшы тэрміновую службу, застаўся на кантрактную ў пагранічных войсках. Быў кінолагам. Цяпер працуе у адной з будаўнічых фірм Мінска. Надзя — бухгалтар адкрытага акцыянернага таварыства “Навасёлкі-Лучай”. Насця з залатым медалём закончыла школу, зараз — студэнтка чацвёртага курса экалагічнага факультэта тэхналагічнага ўніверсітэта. А Андрэя ўрэшце прывабіла музыка. Павучыўся ў школе дыджэяў, затым у Маскве закончыў школу гукарэжысёраў і ў гэтым знайшоў сваё прызванне. Дзецьмі Аліна Іосіфаўна можа ганарыцца, але яна гаворыць пра іх сціпла.

— У мінулым засталіся бяссонныя ночы і трывожныя дні, калі думала пра тое, каб мае дзеці не горш за іншых былі апранутыя, змаглі атрымаць адукацыю, — успамінае. — А яны гарой стаялі і стаяць адно за аднаго. Сёстры ўпэўнены, што ў любой сітуацыі могуць разлічваць на дапамогу братоў, а браты — на мудрыя парады сясцёр. Дзеці — найкаштоўнейшы дар, я імі вельмі даражу.

Цяпер Аліна Іосіфаўна жыве з Надзяй і мамай. Напрыканцы мінулага года ўгаварыла бацькоў перабрацца да яе. Старэйшыя сёстры жывуць у Туле і Віцебску. Часта прыязджаюць у госці. Маці страціла здароўе пасля таго, як дзевяць гадоў назад пахавала 50-гадовага сына. Падкасіла бяда і бацьку, у канцы сакавіка на 84-ым годзе жыцця яго сэрца спынілася. З гаспадаркі — толькі куры. Бульбу садзіць у севазвароце сельгаспрадпрыемства. Градкі — для задавальнення, бо, прыйшоўшы з работы, не можа сядзець без справы. Выйдзе ў агарод, пакапаецца ў зямлі — і яна аддзячыць ураджаем агуркоў, памідораў, цыбулі. Збярэ ягад, зварыць варэнне (свае ж нарыхтоўкі не параўнаць з магазіннымі). Чакае святаў, калі збіраюцца дзеці. Тады зноў шумна і весела становіцца ў кватэры.

Абудні праходзяць у клопатах.  Амаль дваццаць гадоў А. І. Лапс працуе на свінаферме. Шчаслівая, што побач надзейныя калегі. У вольны час любіць спяваць. І калі дырэктар мясцовай школы мастацтваў Алена Салавей запрашае работнікаў свінафермы паўдзельнічаць у якім канцэрце, яны разам з загадчыцай Валянцінай Пятроўнай Мацур з задавальненнем ходзяць на рэпетыцыі, спяваюць і танцуюць.

— Вельмі многія маладыя сем’і ў наш час баяцца нараджаць больш за адно дзіця, — гаварыла Аліна Іосіфаўна. — Маўляў, як на ногі паставіць? Але калі Бог дае дзяцей, то і пакіруе іх лёсам.

Анна АНІШКЕВІЧ. 

Фота з сямейнага альбома Лапс.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.