Медалі, падарункі, увага


86-гадовы Ігар Іосіфавіч Пучынскі — адзіны ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які застаўся на Курапольшчыне. Напярэдадні Дня Незалежнасці старшыня мясцовага сельскага Савета Марына Паўлаўна Нагановіч завітала да яго ў госці, каб уручыць юбілейны медаль «70 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Ігар Іосіфавіч усё жыццё вёў актыўны лад жыцця,  адрозніваўся працавітасцю, да апошняга пражываў адзін у вёсцы Дзедкава, трымаў гаспадарку, займаўся добраўпарадкаваннем. Сёлета стала падводзіць здароўе, таму зараз пражывае ў дачкі ў Паставах, куды мы і накіраваліся.

Ветэран сустрэў радасна. Дзякаваў за юбілейны медаль, віншавальны ліст ад кіраўніка дзяржавы (так званы салдацкі трохкутнік), віншаванне ад старшыні райвыканкама і падарунак ад ААТ «Кураполле-агра», ахвотна гаварыў аб надзённым, дзяліўся ўспамінамі з мінулага. А ўспомніць ветэрану сапраўды ёсць што. Уся яго сям’я — бацька, маці, брат і сястра — былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію, ён падлеткам пайшоў у літоўскі партызанскі атрад імя Костаса Калінаўскаса.

— Не аднойчы адпраўляўся разам з групай на заданне падрываць эшалоны, але самым страшным для мяне было хадзіць у разведку, — успамінае ветэран. — Памятаю, вёў назіранне на станцыі Ігналіна: нельга ні загаварыць з кім, ні запісаць інфармацыю, каб не выдаць сябе. Усё прыходзілася запамінаць. Ведаў штохвілінна кожны інтэрвал паміж адпраўленнямі цягнікоў на Ленінград.

Мірнае жыццё для Ігара Іосіфавіча пачалося  пасля здачы зброі і вяртання ўсёй сям’і з Нямеччыны. Нарэшце перамога над фашыстамі была здабыта! Яшчэ заставалася перамагчы голад і разруху. На пастаяннае месца жыхарства ў калгас «Прагрэс» (цяперашняе ААТ «Кураполле-агра») пераехаў з Каз’ян у 1950 годзе пасля жаніцьбы. Працаваў паляводам, конюхам, будаўніком і прычэпшчыкам, а з 1961-га і да пенсіі — трактарыстам. Пучынскі мае сем унукаў і дванаццаць праўнукаў. Жыццё склалася так, што перажыў жонку і сына. А для самога зараз галоўнае змаганне — барацьба са слабасцю і частымі болямі ў сэрцы…

Усяго на Курапольшчыне юбілейныя медалі і падарункі атрымалі 20 малалетніх вязняў і адзін ветэран. Частку іх М. П. Нагановіч павіншавала дома, астатнім уручыла юбілейныя медалі і падарункі на ўрачыстым мітынгу ў вёсцы Васіліны, які адбыўся ў рамках аўтапрабегу «Памяці загінуўшых герояў». У ліку іншых віншаванні з 70-годдзем вызвалення Беларусі прымала і родная бабуля Марыны Паўлаўны — Зінаіда Мікалаеўна Лысёнак, якая падлеткам разам са сваім бацькам была вывезена на прымусовыя работы ў Германію.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.