Мы чулі, як стагнала зямля


Майму былому школьнаму настаўніку Дзмітрыю Уладзіміравічу Кукоўскаму, які жыве ў вёсцы Ласіца Казлоўшчынскага сельсавета, было чатырнаццаць у тое лета, калі савецкія воіны вызвалялі Пастаўшчыну. Але і сёння ў яго памяці яскрава паўстаюць падзеі 70-гадовай даўнасці. Вось што расказвае Дзмітрый Уладзіміравіч:

— Мы, падлеткі, разам са старэйшымі пасвілі коней у начным. Адзін дзед кажа: “Прыкладзіце вуха да зямлі, і вы пачуеце, як яна стогне. Значыць, недалёка фронт”. Затым у нашу вёску зайшлі партызаны і папярэдзілі: “Полацк вызвалены. Баі набліжаюцца сюды. Будзьце асцярожныя”. Неўзабаве на дарозе Асінагарадок—Варапаева сталі з’яўляцца нямецкія машыны. Вяскоўцы бралі кароў, коней, штосьці з хатняга дабра і ішлі ў суседнюю Казлоўшчыну, дзе хаваліся ў кустах за млыном.

У нядзелю з боку Мурзоў і Мазурына сталі раздавацца кулямётныя чэргі, запалалі Шчоткі і Мурзы. Кананада ўзмацнялася. З боку Мосара прарваліся шэсць нашых танкаў і абстралялі нямецкую калону ў Мазурыне. Падбілі вялізны танк, напэўна, гэта быў “тыгр”. Праз два дні мы, падлеткі, забраліся ў яго, убачылі забітага танкіста.

Немцы адступалі. Па дарозе з Асінагарадка ў бок Варапаева стварылася вялікая калона — больш за 20 — нямецкіх машын. Яны былі загружаны снарадамі, мінамі, бочкамі з бензінам, маслам, спіртам. Немцы зрабілі засаду ля царквы, але рускія прабраліся праз поле, на якім каласі­ліся азімыя, і ўдарылі па калоне. Большасць фрыцаў кінуліся ў кусты ў бок чыгункі, некалькі былі забіты. Кулямётныя і аўтаматныя чэргі, разрывы гранат скаланалі наваколле.

А якраз перад гэтымі баямі бацька адправіў мяне з Казлоўшчыны, дзе хаваліся, дамоў за прадуктамі. Пачуўшы страляніну і даведаўшыся, што ў суседняй з нашай вёсцы — Асінагарадку — рускія салдаты, накіраваліся з сябрам Ванем туды — вельмі ж хацелася іх убачыць. Па дарозе нас затрымаў адзін: “Стой! Немцы паслалі? Колькі іх у вёсцы?” Затым распытаў у вяскоўцаў, хто мы і адкуль. Але ўсё роўна не адпусціў, а загадаў схавацца ў лазні ля ракі. А бацькі ж не ведалі гэтага і сперажываліся, што мы загінулі.

У лазні прабылі да раніцы. Яна выдалася ціхай і сонечнай. Страляніны ўжо не чулася. Людзі павыбіраліся са сховішчаў і пайшлі да нямецкіх машын. Сталі разбіраць трафеі — спірт, бензін, керасін, топленае масла, снарады. Я прыхапіў патронаў, але бацька абачліва адабраў іх у мяне. У тыя дні адбылася жудасная трагедыя. Пяцёра мужчын адправіліся за трафеямі да танка, падбітага каля Мазурына, і на іх накінуліся ўзброеныя фрыцы, якія хаваліся ў лесе. Каб не выдаць сябе, не стралялі, а жорстка збівалі, ламалі рукі, ногі. Усіх пецярых закатавалі да смерці.

Пасля выгнання фашыстаў у Ласіцу ўвайшлі партызаны атрада імя Шчорса. Размясціліся па хатах, коней паставілі ў таках, ля возера разгарнулі паходную кухню. Ноччу зноў пачалася страляніна. Аказалася, ля возера прабіралася да чыгункі група з 10 немцаў. Партызаны заўважылі іх і абяззброілі. Аднаго застрэлілі, астатніх паланілі і пазней некуды адправілі.

Праз колькі дзён пасля вызвалення пачалася мабілізацыя. Усіх мужчын прызыўнога ўзросту забралі ў армію. З Ласіцы на фронт пайшло каля паўсотні чалавек. 22 не вярнуліся з поля бою. Самым страшным для людзей у той час было сустрэцца з паштальёнам і атрымаць пахаронку. Крыкі і галашэнні чуліся то ў адным канцы вёскі, то ў другім. Бацька Дзмітрыя Кукоўскага быў ранены і кантужаны, але вярнуўся жывы.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.