Наваселле і юбілей франтавіка Лісовіча


Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ветэранам вайны, вязням і працаўнікам тылу ўручаны юбілейныя медалі, віншавальныя пісьмы ад Прэзідэнта краіны, грашовыя дапамогі. Яшчэ больш важкі падарунак да юбілейнай даты атрымаў былы франтавік Пётр Антонавіч Лісовіч з г. п. Варапаева: рашэннем раённага выканаўчага камітэта яму выдзелена ў новым доме сацыяльнае жыллё — аднапакаёвая кватэра з усімі выгодамі. 

Пётр Антонавіч і яго жонка Ніна Дзмітрыеўна шчыра ўдзячны за падтрымку і ўвагу кіраўніцтву райвыканкама, але з наваселлем пакуль не спяшаюцца. Хапае іншых клопатаў: ветэран рыхтуецца да свята вызвалення рэспублікі, а праз дзесяць дзён у яго і асабісты юбілей — 13 ліпеня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння.

Якой бы радаснай ні была гэта падзея, Пётр Антонавіч міжволі ўспомніць усе цяжкасці, нястачы і выпрабаванні, якія зведаў у маладосці.  Пасля заканчэння вучобы ў Віцебску ў чэрвені 1941 года расонскі хлопец быў накіраваны на будаўніцтва ваеннага завода ажно ў Самарканд. У дарозе прыйшло паведамленне пра пачатак вайны. Працавалі суткамі. А потым, калі Пятру споўнілася 18 гадоў, прызвалі на службу ў армію. Трапіў на фронт. За доўгія амаль тры гады быў двойчы паранены: на Курскай дузе і ў Германіі. Перамогу сустрэў у шпіталі, а дэмабілізаваўся з арміі толькі ў снежні 1945 года.

Для радавога Пятра Лісовіча кожны дзень на вайне мог стаць апошнім. Яму пашчасціла выжыць, вярнуцца ў родную Беларусь. Але дома  чакалі сумныя, трагічныя весткі. У гады акупацыі фашысты расстралялі бацьку, у агні загінулі маці і сястра. Вытрымаць такое было неймаверна цяжка, таму нядаўні франтавік, якому ішоў толькі 22-гі год, падаўся да брата ў Варапаева. Тут і застаўся на ўсё жыццё. Толькі аднойчы пакідаў гарадскі пасёлак, калі разам з іншымі ўдзельнічаў у асваенні цалінных зямель.

Пятра Антонавіча ведаюць як добрага сем’яніна, работніка. Разам з першай жонкай, якая, на жаль, памерла, пражылі больш за 50 гадоў, выгадавалі дваіх  дзяцей. Радуюць, цешаць унукі, успаміны пра работу на Варапаеўскім дрэваапрацоўчым камбінаце, дзе працаваў майстрам зборачнага цэха.  Пра яго памятаюць у працоўным калектыве, сельскім Савеце. А кожную хвіліну зараз  побач Ніна Дзмітрыеўна, якая таксама зведала жахі вайны, фашысцкай няволі.

З Пятром Антонавічам Лісовічам я пазнаёміўся гадоў дваццаць назад. Але ён і цяпер жыццярадасны, рухавы, цікавіцца ўсім, што адбываецца ў краіне і свеце. І аднаго жадае, каб заставалася мірным неба, каб радавалі ўраджаем палі, шчаслівымі раслі дзеці.

На парозе дзясятага дзясятка хочацца пажадаць і Вам, Пётр Антонавіч, зда­роўя, моцы, доўгіх гадоў жыцця!

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.