“Нават дома думкамі я на рабоце”


Таццяна Пятроўна Цітова

— прызнавалася мне начальнік вытворчасці ААТ “Пастаўскі малочны завод” Таццяна Пятроўна Цітова, з якой сустрэлася з нагоды прысваення ёй ганаровага звання “Чалавек года Пастаўшчыны-2013”. Пагутарыўшы перад гэтым з дырэктарам прадпрыемства В. Ф. Пылінскім, даведалася: званне жанчына па праву заслужыла сваёй працай. Яна высокакваліфікаваны і адказны спецыяліст, якім вельмі задаволена кіраўніцтва.

На прадпрыемстве Т. П. Цітова працуе з 1995 года. Прыйшла сюды, маючы ў багажы дыплом Магілёўскага тэхналагічнага інстытута па спецыяльнасці “Тэхналогія малака і малочных прадуктаў” і невялікі вопыт работы мікрабіёлагам на Глыбоцкім малочнакансервавым заводзе, куды трапіла па размеркаванні пасля заканчэння ВНУ. Сваю прафесійную кар’еру на радзіме, у Паставах, пачынала зменным, затым старэйшым майстрам, потым была начальнікам участка, а з 1997 года з’яўляецца начальнікам вытворчасці завода.

— Калі я толькі ўладкавалася на прадпрыемства, непасрэдна на вытворчасці працавала ўсяго 12 чалавек, а зараз тут занята больш за 80 работнікаў, — успамінае Таццяна Пятроўна. — Пры мне завод рос, будаваліся новыя цэхі — па выпуску паўцвёрдых сыроў, марожанага, масла, ёгуртаў, тварагу, праводзілася рэканструкцыя цэха цэльнамалочнай прадукцыі, якую завяршылі 5 гадоў назад. А практычна адразу пасля яе пачалося будаўніцтва сырзавода магутнасцю 20 тон сыру ў суткі.

Сёння новы завод, уве­дзены ў строй у жніўні мінулага года, уяўляе сабой вялікую сучасную вытворчасць з цалкам аўтаматызаванымі лініямі і міні­мальнай колькасцю ручной працы. На ім устаноўлена высокатэхналагічнае імпартнае абсталяванне, да запуску якога мае самае непасрэднае дачыненне Т. П. Цітова. Разам з тэхнолагам прадпрыемства С. В. Германовіч ёй адной з першых прыйшлося дэталёва знаёміцца з яго работай, вучыцца адладжваць увесь тэхналагічны працэс. Па словах жанчыны, было вельмі няпроста. Але дзякуючы калектыву сырзавода і асабліва метролагу А. У. Варановічу, усё атрымалася.

Калі гаварыць пра кола абавязкаў начальніка вытворчасці, яны заключаюцца ў першую чаргу ва ўпраўленні персаналам. У падпарадкаванні Таццяны Пятроўны 9 майстроў і амаль сотня рабочых, якіх трэба эфектыўна расставіць на заводскіх лініях. Акрамя таго, яна сочыць за адгрузкай гатовай прадукцыі са склада, выкананнем заявак на яе выпуск, займаецца спісаннем сыравіны і дапаможных матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца на вытворчасці. Адным словам, спраў хапае, работа адбірае шмат сіл і часу. Асабліва зараз, у летні перыяд, калі завод працуе кругласутачна.

— Нават увечары або ў выхадныя дні мне часта тэлефануюць з работы, каб вырашыць нейкія пытанні, — кажа Таццяна Пятроўна. — Даводзіцца і прыяз­джаць на вытворчасць, калі там нешта пойдзе не так, як трэба, узнікне няштатная сітуацыя. Але пашанцавала ў тым, што маю вельмі добрую сям’ю — мужа і іншых блізкіх, якія разумеюць і падтрымліваюць. Без іх дапамогі я наўрад ці змагла б рэалізаваць сябе ў прафесійным плане. У прыватнасці, другі наш сын у дзяцінстве быў вельмі хваравітым, і бацькі мужа спецыяльна пераехалі з Крычава ў Паставы, каб дапамагаць гадаваць яго.

Увогуле, сыны — асаблівая гордасць Таццяны Пятроўны. Старэйшы, Дзмітрый, сёлета закончыў Ваенную акадэмію і атрымаў лейтэнанцкія пагоны, у жніўні адправіцца служыць пад Мінск. Малодшы, Сяргей, налета заканчвае СШ №1, мае добрую паспяховасць па ўсіх прадметах, але асабліва лёгка хлопцу даецца англійская мова. У гэтым навучальным годзе ён стаў пераможцам раённага этапа рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па ёй. Сыны, а таксама муж Т. П. Цітовай у сваю чаргу вельмі ганарацца маці і жонкай, якая цяпер для іх не проста дарагі і любімы чалавек, а вядомая на Пастаўшчыне асоба, чые заслугі высока адзначаны ў раёне.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.