«Не проста гандлюем, а з’яўляемся сацыяльнымі партнёрамі»


Загадчыца новага ўніверсама “Родны кут” Марына Давідзюк (другая справа) з прадаўцамі Данатай ГУСАР, Марынай Січкар, Таццянай Сінкевіч, Юліяй Турон і Марынай Юхновіч.

Напярэдадні свята карэспандэнт “Пастаўскага краю” Пётр Курыловіч гутарыў з заслужаным работнікам сферы абслугоўвання Рэспублікі Беларусь, старшынёй раённага спажывецкага таварыства Р. А. ЛЕЎКАЎЦОМ.

—  Спажывецкая кааперацыя Беларусі, неад’емнай часткай якой з’яўляецца і наша таварыства, за доўгую гісторыю існавання даказала сваю актуальнасць і эфектыўнасць, займае важнае месца ў эканамічным і сацыяльным жыцці краіны, — адзначыў Рыгор Арсенцьевіч. — Мы абслугоўваем у асноўным сельскае насельніцтва, і не проста забяспечваем жыхароў таварамі і паслугамі, а з’яўляемся іх сацыяльнымі партнёрамі. У дастаткова складаных эканамічных умовах калектыву ўдаецца падтрымліваць стабільную сітуацыю на спажывецкім рынку раёна, забяспечваць насельніцтва неабходнымі таварамі.

Пра гэта сведчаць і шмат­лікія дасягненні кааператараў, пра якія напярэдадні свята варта расказаць.

— У аснову нашай работы пакладзена галіновая праграма ўдасканалення дзейнасці спажывецкай кааперацыі на 2011—2015 гады. З 29 намечаных мерапрыемстваў выкананы 28. У адрозненне ад кааператараў іншых раёнаў Пастаўскае спажывецкае таварыства захавала і развівае ўсе галіны і віды сваёй дзейнасці, што і забяспечвае ў цэлым атрыманне прыбытку, рэнтабельную работу. За 2013 год мы занялі першае месца сярод абслуговых арганізацый Пастаўшчыны і другое — сярод райспажыўтаварыстваў Віцебшчыны. А ў такіх галінах, як гандаль, грамадскае харчаванне, прамысловасць, утрымліваем лідзіруючыя  пазіцыі. Нядаўна за высокія дасягненні ў арганізацыі грамадскага харчавання атрымалі найвышэйшую ўзнагароду Белкаапсаюза — Ганаровы знак. Спажывецкаму таварыству прысуджана другое месца ў рэспубліканскім конкурсе “Аўтамагазін-2014”.

Па выніках работы за мінулы год у  ліку лепшых у раёне  — філіял  “Каапнарыхтпрамгандаль”, магазіны “Родны кут” у г. п. Варапаева і пятым гарадку. Выдатныя дасягненні на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях на рахунку майстра-повара Галіны Зямчонак і майстра-кандытара Святланы  Карандашовай, якой, да таго ж, прысвоена ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны-2013”. У кааператараў раёна ёсць і іншыя дасягненні.

— Рыгор Арсенцьевіч, кааперацыя раёна ўключае некалькі галін, кожная з якіх па-свойму важная. І ўсё ж галоўнае месца належыць гандлю. Што можаце сказаць пра яго работу?

— Гандаль займае самую высокую ўдзельную вагу ў сукупным аб’ёме нашай дзейнасці, а ва ўсім тавараабароце раёна на яго долю прыпадае 46,8%. Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што ва ўмовах сучаснай канкурэнцыі Белкаапсаюз не проста зарабляе грошы, а выконвае сацыяльную ролю. Які прыватнік будзе гандляваць у вёсцы, дзе налічваецца ўсяго некалькі жыхароў? А мы гэта робім. На Пастаўшчыне сельскае насельніцтва складае 35,1% ад яго агульнай колькасці. Вяскоўцаў абслугоў­ваюць 48 мага­зінаў і 2 прадпрыемствы грамадскага харчавання. У малых населеных пунктах пражывае 5 тысяч чалавек. Сюды па графіку дастаўляюць неабходныя тавары 10 аўтамагазінаў.

Наша гандлёвая сетка па-ранейшаму з’яўляецца самай буйной і запатрабаванай, сарыетавана ў асноўным на продаж тавараў айчыннай вытворчасці, у тым ліку прадукцыі, выпускаемай прадпрыемствамі вобласці, раёна і ўласнай. За апошнія пяць гадоў у горадзе і сельскай мясцовасці шляхам рэканструкцыі і будаўніцтва з’явілася цэлая сетка магазінаў, якія аснашчаны сучасным гандлёва-тэхналагічным, халадзільным абсталяваннем, камп’ютарнай сістэмай. Адным з такіх аб’ектаў з’яўляецца магазін “Родны кут” па вуліцы Савецкай у Паставах, адкрыццё якога адбылося сёлета. Мы і ў далейшым будзем прытрымлівацца стратэгіі развіцця шляхам удасканалення асартыментнай палітыкі, тэхналогіі гандлёвых працэсаў, камп’ютарызацыі ўліку руху тавараў, пашырэння кааператыўнага гандлю, яго актыўных форм, продажу тавараў у крэдыт.

Прымаемыя меры дазволілі за пяць месяцаў павялічыць рознічны тавараабарот у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 5,1% і давесці яго да 117 мільярдаў 315 мільёнаў рублёў. Наша спажывецкае таварыства адзінае ў вобласці забяспечыла станоўчую дынаміку росту.

— Чым прыцягваюць прадпрыемствы грамадскага харчавання, якія  неаднаразова станавіліся месцам вучобы работнікаў розных структур Белкаапсаюза? 

— У папярэднія гады галоўным кірункам развіцця галіны грамадскага харчавання было павелічэнне аб’ёмаў рознічнага тавараабароту прадукцыі ўласнай вытворчасці, укараненне прагрэсіўных тэхналогій і новых відаў прадукцыі, рэканструкцыя і пераспецыялізацыя сеткі, тэхнічнае перааснашчэнне за кошт укаранення сучаснага тэхналагічнага і хала­дзільнага абсталявання, метадаў і падыходаў у арганізацыі абслугоўвання кліентаў. Праведзена вялікая работа. Сярод буйнейшых аб’ектаў — новы кандытарскі цэх, прыдарожнае кафэ “Церамок”. Мы першымі ўкаранілі тэхналогію “шокавай” замарозкі кандытарскіх вырабаў. Нашы кафэ і бары адрозніваюцца арыгінальным інтэр’ерам, меню, маюць  свае асаблівасці. Шмат  значыць і тое, што работнікі грамадскага харчавання знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых ідэй развіцця галіны і актыўна ўкараняюць іх на практыцы. Нашым гонарам з’яўляюцца 5 повараў-майстроў і 4 майстры-кандытары, якія здольны задаволіць самыя розныя густы наведвальнікаў і пакупнікоў. Грамадскае харчаванне з’яўляецца адной з самых затратных галін. Таму, забяспечваючы яго сацыяльную функцыю, вя­дзём пастаянны пошук шляхоў павышэння эканамічнай эфектыўнасці галіны.

— З гандлёвым абслугоўваннем непасрэдна звязана і нарыхтоўчая дзейнасць. А гэта дадатковая крыніца таварна-сыравінных рэсурсаў, росту спажывецкіх магчымасцей насельніцтва.

— Нарыхтоўчая галіна выконвае важную ролю па давядзенні сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны ад вытворцаў да канчатковых спажыўцоў, фарміруе сыравінную базу вытворчасці, мае высокі экспартны  патэнцыял. Але самае галоўнае заключаецца ў тым, што мы аказваем сельскім жыхарам прыкметную сацыяльна-эканамічную падтрымку. Прывяду такія лічбы. За апошнія пяць гадоў у цэлым па райспажыўтаварыстве было нарыхтавана сельгаспрадукцыі на 80,9 мільярда рублёў, насельніцтву выплачана 43 мільярды рублёў. У сваёй дзейнасці зыходзім з таго, каб чалавек, які вырошчвае прадукцыю, змог прадаць яе. Адначасова і садзейнічаем гэтаму. За шэсць месяцаў 2014 года ў магазінах, на рынках і кірмашах прададзена насення агароднінных культур на 122,2 мільёна рублёў, мінеральных угнаенняў — на 144,9, сельскагаспадарчага інвентару — на 84,3, будаўнічых матэрыялаў — на 1 мільярд 664,9 мільёна рублёў. Попытам у насельніцтва карысталіся насенная бульба, сродкі аховы раслін, цыбуля-сеянка, камбікорм і іншае.  У насельніцтва закуплена сельгаспрадукцыі і сыравіны на 2 мільярды 952,7 мільёна рублёў, што на 7,9% больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года.

Для павелічэння аб’ёмаў нарыхтовак сельскагаспадарчай, дзікарослай прадукцыі і сыравіны, выканання заданняў і мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў Рэспубліцы Беларусь на 2009—2015 гады на сёлетні год зацверджана павышанае заданне, аб’яўлены раённы конкурс.

— Рыгор Арсенцьевіч, адметнай асаблівасцю спажыўкааперацыі нашага раёна з’яўляецца развітая прамысловасць. Якія тут прыярытэты?

— На працягу апошніх пяці гадоў адбылося маштабнае пераўзбраенне хлебазавода, мяснога і іншых цэхаў. Набыта і ўстаноўлена самае сучаснае тэхналагічнае абсталяванне лепшых еўрапейскіх вытворцаў. Прыярытэтнымі ў прамысловай галіне з’яўляюцца: хлебапячэнне, перапрацоўка мяса, кандытарская вытворчасць, квашэнне і саленне. Летась атрымана прамысловай прадукцыі больш чым на 45 мільярдаў рублёў. У квасільна-засолачным цэху выраблена і рэалізавана 482 тоны прадукцыі — амаль на 4 мільярды рублёў. Было замарожана 89 тон дзікарослых ягад.

Нарыхтоўваемая, а таксама ўласная прадукцыя з’яўляюцца галоўнай крыніцай экспартных паставак. На працягу апошніх гадоў па знешнеэканамічнай дзейнасці мы пастаянна займаем лідзіруючыя пазіцыі сярод раёнаў вобласці. Летась экспартныя пастаўкі склалі 1 мільён 146 тысяч долараў, сёлета за шэсць месяцаў — больш за 600 тысяч долараў.

Актыўна развіваем матэрыяльна-тэхнічную базу. Пастаянна памятаем пра тое, што  дзеяздольнасць спажывецкай кааперацыі ў многім  вызначаецца якасным складам работнікаў, іх вопытам і прафесіяналізмам, уменнем працаваць і выконваць свае абавязкі, заўсёды знаходзіць пра­вільныя рашэнні паўсядзённых задач. Сярод 950 чалавек, якія працуюць у нашай сістэме, пераважная большасць вызначаецца кампетэнтнасцю і адказнасцю. Гэта не толькі работнікі гандлю, грамадскага харчавання, прамысловасці, нарыхтовак, але і транспартнікі, будаўнікі, іншыя спецыялісты. Карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх, у тым ліку ветэранаў, пайшчыкаў, са святам, жадаю поспехаў у рабоце, рэалізацыі ўсіх планаў, здароўя, шчасця і дабрабыту!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.