Не трэба псаваць імідж Пастаў

Общество

У № 47 раённай газеты «Пастаўскі край» за 18 чэрвеня бягучага года было апублікавана рашэнне раённага выканаўчага камітэта «Аб вызначэнні месцаў для размяшчэння аб’яў, плакатаў, лістовак і іншых матэрыялаў нерэкламнага характару». У ім расказвалася пра тое, што, у адпаведнасці з Правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, жыхары раёна могуць размяшчаць прыватныя аб’явы толькі на спецыяльна абсталяваных стэндах. Яны былі пералічаны ў табліцы. Усяго ў раёне такіх стэндаў 29, 20 з іх  размяшчаюцца ў райцэнтры. 

— Калі першы час пасля публікацыі колькасць аб’яў у неналежных месцах некалькі скарацілася, то зараз імі зноў стракаціць увесь горад. Асабліва «ўпрыгожаны» аўтобусныя прыпынкі, слупы ліній электраперадач па цэнтральных вуліцах, а таксама ўваходныя дзверы ў пад’ездах дамоў у мікрараёнах 5 і 6 гарадкоў і вуліцы Юбілейнай, — дзе­ліцца праблемай начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Мікалай Канстанцінавіч Доўмант.

Імідж Пастаў сапраўды псуюць дзе папала расклееныя аб’явы. Жадаючым купіць, прадаць, адшукаць, прапанаваць здаецца, што такім чынам іх інфармацыя хутчэй дойдзе да спажыўца. Аднак многіх яна толькі раздражняе. Больш за тое, людзей абурае тое, што дзеля асабістай выгады псуецца выгляд прыпынкаў, слупоў, пад’ездаў. Ачыстка аб’ектаў інфраструктуры ад несанкцыянаваных аб’яў застаецца адной з актуальных праблем утрымання гарадской гаспадаркі.

Не лішнім будзе ведаць, што, у адпаведнасці з артыкулам 21.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь «Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў», за размяшчэнне аб’яў у недазволеных месцах прадугледжана накладанне штрафу на грамадзян у памеры да дваццаці пяці базавых велічынь, на індывідуальных прадпрымальнікаў — ад дзесяці да пяцідзесяці, а на юрыдычных асоб — ад дваццаці да ста базавых велічынь.

На ачыстку аб’ектаў гарадской інфраструктуры ад несанкцыянаваных аб’яў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі адводзіць рэкламадаўцам дзесяць дзён пасля публікацыі гэтага матэрыялу на старонках раённай газеты. Пасля заканчэння тэрміну бу­дзе праведзены сумесны рэйд з супрацоўнікамі праваахоўных органаў, па выніках якога вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.