Парадак залежыць ад усіх нас

Общество

На мінулым тыдні нарэшце прыйшло сапраўднае лета — сонечнае, спякотнае. У сувязі з гэтым ажылі берагі пастаўскіх вадаёмаў: адпачыць туды накіраваліся дарослыя і дзеці. Але ці ва ўсіх вадаёмах вада прыдатная для купання? У якім стане берагавая зона? Каб гэта высветліць, 9 ліпеня памочнік урача-гігіеніста райЦГЭ Ірына Валер’еўна Бабіч адправілася ў чарговы рэйд па самых папулярных месцах адпачынку пастаўчан. У ім удзельнічала і аўтар гэтых радкоў

Накіроўваемся да першага месца прыпынку — возера Сіўцы. Па дарозе Ірына Валер’еўна расказала, што яшчэ напярэдадні быў праведзены санітарна-лабараторны кантроль вады ўсіх адкрытых вадаёмаў бліз Пастаў, у тым ліку на цэркарыёз. Гэта “хвароба купальшчыкаў” асабліва распаўсюджана на Нарачы. У пастаўчан для хвалявання няма прычын: усе пробы вады нашых азёр адпавядаюць санітарным нормам.

На Сіўцах ахвотных пакупацца мы не сустрэлі (напэўна, зарана выехалі). На беразе возера — выключная цішыня і… чысціня. Звяртаюць на сябе ўвагу свежапафарбаваныя альтанкі, у добрым стане прыбіральня і кабінкі для пераапранання. Не ўбачылі мы і смецця. Ірына Валер’еўна хваліць лясгас — менавіта гэта ўстанова рашэннем райвыканкама замацавана за возерам. Адказныя асобы напярэдадні купальнага сезона арганізавалі тут абследаванне вадалазамі азёрнага дна, а таксама ўборку смецця два разы ў тыдзень.

Вяртаемся ў горад. Спачатку заязджаем на возера Чорнае — ажыятажу на яго беразе таксама няма. А вось на беразе Задзеўскага водны адпачынак у самым разгары. Тут купаюцца і загараюць людзі ўсіх узростаў. Асабліва водным працэдурам радуюцца дзеці. Тым часам іх бацькі наракаюць, што возера ля берага няўмольна зарастае чаротам. Яны ўпэўнены: калі не прымаць меры, то хутка і ў ваду не зойдзеш. Скардзяцца і на наяўнасць дробнага смецця. Але ж само па сабе яно тут не з’яўляецца…

—              Не перастану паўтараць, што многія людзі не ўмеюць сябе паводзіць у месцах масавага адпачынку, — гаварыла Ірына Валер’еўна. — Дзе  стаяць, там і кідаюць — акуркі, бутэлькі, пакеты… Ёсць, несумненна, шмат сумленных гараджан, якія і за сабой прыбяруць, і часам за іншымі. За чысцінёй сочаць і арганізацыі, замацаваныя за тэрыторыямі вадаёмаў, і работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Але ўсе яны разам узятыя не ў сілах навесці парадак, калі ўжо праз паўгадзіны пасля іх ад’езду бераг упрыгожвае чарговая “порцыя” смецця.

У цэлым памочнік урача-гігіеніста засталася задаволена ўбачаным. Адзіная істотная заўвага: трава на берагах азёр не абкошана. Але на момант  выхаду матэрыялу ў друк гэта пытанне было ўжо вырашана.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара.

.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.