Пераможнае шэсце “ПМЦ”

Спорт

“ПМЦ-Паставы” — “Тарпеда-БелАЗ”  — 3:0

Перадапошні матч сезона пачаўся пад акампанемент цёплага летняга дажджу з атак гаспадароў. Ужо на 2-ой хвіліне левы нападаючы Глеб Жалезнікоў, які разам з Дзмітрыем Кундрам першым з пастаўчан заключыў прафесійны кантракт з бабруйскай “Белшынай”, магутна прабіў над перакладзінай. А неўзабаве гаспадары забілі хуткі гол з пенальці, які бездакорна выканаў лепшы бамбардзір “ПМЦ” Аляксандр Александровіч. Праз 10 хвілін гульні дождж скончыўся, і адразу ж гаспадары арганізавалі чарговую вострую камбінацыю, якую трапным ударам завяршыў таварыш Аляксандра па мала­дзёжнай зборнай Беларусі Ілья Кухарчык.

“Тарпедаўцы” ў адказ адразу правялі небяспечную контратаку з выхадам трох сваіх ігракоў на аднаго абаронцу пастаўчан. Аднак госці згулялі нерашуча і ўпусцілі шанц скараціць розніцу ў ліку. У далейшым гаспадары больш не памыляліся і поўнасцю кантралявалі мяч, гулялі з яўнай перавагай над сапернікам. Усёй камандай жодзінцы вымушаны былі толькі адбівацца. Шмат разоў выручаў ад непрыемнасцей іх варатар, які на 32-ой хвіліне парыраваў чарговы пенальці, прабіты А. Александровічам.

Праўда, Аляксандр хутка рэабі­літаваўся за сваю асечку і прыгожым ударам з развароту паслаў мяч у верхні вугал варот, давёўшы лік на табло да разгромнага. Пасля перапынку пастаўчане правялі серыю замен і упэўнена кантралявалі ход паядынку. Асабліва стараўся вызначыцца Г. Жалезнікоў, які пасля гульні развітваўся з камандай і ад’яз­джаў у Бабруйск. Аднак больш узяцця варот гледачы не ўбачылі.

Чарговую, чацвёртую запар, перамогу на сваім полі прынеслі Чашун (Рабцэвіч), Танана (Якаўлеў), Бяльчонак (к, Ванда), Дубін, Лузан (Павініч), Сакалоў, Беразун, Александровіч (Пучынскі), Жалезнікоў, Кухарчык (Камісарчук), Вілейта (Цітовіч).

Больш упарта ў той дзень праходзіў матч гэтых жа каманд ва ўзросце да 16 гадоў. У складзе гаспадароў адсутнічаў форвард Ілья Васілевіч, якога выклікалі ў зборную Беларусі гэтага ўзросту. Толькі ў канцоўцы ў складзе “ПМЦ-2” двойчы вызначыўся Стас Сучылаў і прынёс пастаўчанам няпростую перамогу з лікам 2:0. Як і летась, заключным сапернікам выхаванцаў футбольнай акадэміі ПМЦ у чэмпіянаце Беларусі сталі аднагодкі з клуба “Белшына” (Бабруйск).

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.