Пільнасць і адказнасць


Галоўны рэдактар дала заданне напісаць пра пастуха. Абзваніла некалькі гаспадарак, але нідзе не прапанавалі кандыдатуру, усюды прысутнічалі праблемы. Нарэшце пашанцавала — галоўны эканаміст сельгаспрадпрыемства “Ду­нілавічы-агра” Тэрэза Уладзіміраўна Пайлак парэкамендавала накіравацца ў Сяргеевічы да Анатоля Клімовіча.

У той дзень Анатоль быў у полі.  Жонка Святлана з дочкамі Крысцінай і Вікторыяй ахвотна згадзіліся паказаць месца выпасу кароў, а заадно завезці гаспадару абед.

— Палявая дарога пасля дажджу — не гарадская вуліца, будзьце пільнымі, — перасцерагае Святлана вадзіцеля. — Гэта нашы механізатары да гразі і выбоін прывычныя. На перасоўную дойку прывозяць даярак, забіраюць малако, дастаўляюць ваду. Толя дабіраецца на матацыкле.

У полі каля лесу бачым статак чорна-пярэстых кароў, вагончык для пастуха, бочку з вадой. Анатоль дзівіцца такой шматлікай дэлегацыі, але не бянтэжыцца. Жонка хуценька рассцілае абрус, выкладвае на яго каўбасу, памідоры, агуркі, зефір, пячэнне, цукеркі, квас, тэрмас з чаем. «Наш салодкаежка», — жартуе. Пакрыху завязваецца размова.

— У жывёлагадоўлі працую з 16 гадоў, — расказваў Анатоль. — Бацька пакінуў маму і нас, траіх дзяцей. Я быў старэйшы — значыць, за гаспадара і кармільца. Спачатку жылі ў Калінінградскай вобласці, потым перабралі­ся ў Беларусь, а дакладней у Груздава. Там і сустрэў Свету.

— Толя на пяць гадоў за мяне старэйшы, — з замілаваннем пазірае на мужа Святлана. — А закахаўся ў мяне, малую, і чакаў, пакуль школу закончу. Атрымала атэстат і выскачыла замуж. Пышнага вяселля не было, бо нас з братам і сястрой мама таксама адна выхоўвала. Распісаліся, вечарам пасядзелі крыху ды пра жыццё сталі думаць.

Маладым хацелася  асобнага жылля. У Груздаве ім яго не прадаставілі, і яны пераехалі ў прасторны дом у Сяргеевічах. Забралі з сабой і маму Светы Раісу Раманаўну. Яна дапамагала гадаваць Крысціну і Віку. Маладыя працы не баяліся, таму, не раздумваючы, пайшлі на ферму.

— У дзесяцігадовым узросце Крысціна захварэла на цукровы дыябет, і я вымушана была аформіцца па доглядзе за ёй, — працягвала апавядаць Святлана. — Атрымліваю дапамогу ад дзяржавы, летам збіраю ягады, ёсць уласная гаспадарка. Асвоіла шыццё, купіла швейную машынку. І сабе, і дочкам шыю сукенкі, спаднічкі, кофтачкі. Ніколі не было праблем з навагоднімі касцюмамі — пафантазіруем усе разам і прыдумаем што-небудзь арыгінальнае. Гэта рэальная эканомія сямейнага бюджэту.

Але асноўны здабытчык, вядома ж, Анатоль. А грошы сям’і вельмі патрэбны. Крысціна сёлета закончыла Дунілавіцкую школу, паспяхова здала тэсты і падала дакументы ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Віка пойдзе ў восьмы клас. Працавітасцю вызначаецца ўся сям’я.

— Чым заняты рабочыя суткі пастуха? — цікаўлюся.

— У статку каля 200 кароў, — расказвае. — Участак, абнесены электрапастухом, займае каля двух гектараў. Гэта плошча па­дзелена на некалькі квадратаў. Як толькі каровы з’ядаюць траву ў адным з іх, пераганяю ў наступны. За суткі месца выпасу мяняю разоў пяць-шэсць. Сачу за тым, каб у ванне для піцця пастаянна была вада. Летам на суткі яе трэба каля 11 тон. Складана было вясной у халоднае, дажджлівае надвор’е: каровы стаялі прытуліўшыся адна да адной і мала елі. Але і спякота, авадні не спрыяюць вялікаму малаку. За травой нагінаюцца толькі к вечару. Кладуцца, як сцямнее. Тады і я крыху вочы заплюшчу. Але то ваўкі ў суседнім лесе завыюць, то дзікі статкам праімчаць — не адпачнеш. Пачынае світаць — і каровы падымаюцца. Назіраючы за імі,  паспяваю часам кніжку пачытаць. Так час хутчэй ідзе. Раніцай даяркі прыязджаюць на дойку, і ажывае наваколле: уключаюцца апараты, ідзе раздача канцэнтратаў, потым са зменшчыкам пераносім электрапастух на свежую траву, дапамагаем механізатару перацягнуць бочку, ванны для вады і солі. З нецярпеннем чакаю даярак на вячэрнюю дойку — праз іх Света перадае мне вячэру. Як бачыце, ніякіх складанасцей. Толькі пільнасць і адказнасць.

Абед надоўга не расцягнуўся, бо некалькі рагуль “заспрачаліся” паміж сабой, і Анатоль накіраваўся ўціхамірваць іх. Дочкі з жонкай развіталіся з ім да наступнай раніцы

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.