Самі сабе дызайнеры

Общество

Дзякуй нераўнадушным чытачам. Чарговы адрас падказала Ірына Ядзевіч з вуліцы Паркавай, што ў райцэнтры: «Напішыце пра гаспадароў дома №53 па нашай вуліцы. Які там парадак! Колькі кветак!»

І вось я на Паркавай.  На нумар дома можна  было і не глядзець — усё “расказала” тэрыторыя ля яго. Якраз пад’ехалі гаспадары і нямала здзівіліся: чым выклікалі ўвагу журналіста? “Мы ж не выключэнне, — казалі. — І ў нашых суседзяў, і ля іншых дамоў прыгожа”.

Тэрэса Зянонаўна і Станіслаў Іванавіч Гінько — землякі, абое з Ярэўскага сельсавета. Але пазнаё­міліся толькі тады, калі Станіслаў ужо адслужыў у арміі. Дзяцінства не пес­ціла ніводнага. Тэрэсе было 12, калі памерла маці. Станіслаў усе 10 гадоў вучыўся ў Паставах у інтэрнаце, бо ад іх хутара да бліжэйшай школы ў Ярэве было сем кіламетраў. Працоўныя ўніверсітэты праходзілі змалку. Можа, таму і выраслі сапраўднымі гаспадарамі. Зрэшты, Зянонаўна заўважае наступнае: “У нас працавітасць і цяга да прыгожага, напэўна, у генах закладзена. Напрыклад, мае мама і бабуля вельмі любілі кветкі, і я — таксама. Тата рухавы, лёгкі на пад’ём. Такая ж і я. Ся­дзець без справы не магу, пастаянна трэба нечым займацца. У кагосьці хобі — вязанне ці вышыванне, у мяне — кветкі ды агароды. Ведаеце, праца ў кветніку так заспакойвае нервы (смяецца).

Дом яны пачалі ўзво­дзіць у Паставах, як толькі пажаніліся (а гэта было 25 гадоў назад). На той час участкі ў райцэнтры пад будаўніцтва дома выдзяляліся ў памеры ўсяго пяці сотак. Гінько пашанцавала тым, што перапала паўтара ўчастка.

— Але і на такой плошчы дужа не разгонішся, — гаварылі гаспадары. — Таму ў нас ёсць яшчэ і дача. Купілі ў Вольсі домік, садзім там бульбу і іншую агародніну, а тут трымаем свіней.

Пакуль мы чаявалі ў доме, сонца то нясмела выглядвала, то зноў хавалася ў цяжкіх, набрынялых вадой, зусім не летніх хмарах. Ах, як засмуціў сёлетні чэрвень надвор’ем. Ад холаду і пераўвільгатнення глебы пакутавалі раслінкі, а гледзячы на іх, — і людзі, чые клопаты звязаны з зямлёй. Участак Гінько пясчаны, глеба хутка ўбірае ў сябе ваду. Таму адсаджваць нічога не прыйшлося. А многія ж зрабілі гэта ўжо двойчы.

На агародзе — ідэальны парадак. Вымахалі буракі, морква, набіраюцца соку памідоры, ужо ёсць свае агуркі. На градках ні травінкі. Асобнае царства — кветкі. Расаду адналетнікаў гаспадыня паспявае вырасціць у парніку да таго, пакуль высаджваць у яго агуркі ды памідоры. Большы клопат з далікатнай петуніяй, расаду якой даводзіцца песціць на падаконніках. Дарэчы, у доме шмат пакаёвых кветак. А ў двары — цэлая плантацыя гладыёлусаў, ружы, ліліі, браткі, петуніі і многія іншыя.

Газон не проста скошаны — “пабрыты”. Упрыгожыла тэрыторыю альтанка, над якой Станіслаў Іванавіч карпеў два гады, а зараз яна стала любімым месцам адпачынку ўсёй сям’і. Ля альтанкі — казачны дрывасек, “прыляцелі” ў двор буслы. Увогуле, усюды адчуваецца і рука гаспадара: дом дагледжаны, усе пабудовы дыхтоўныя і акуратныя. Адзначаю гэта ўслых, на што Тэрэса Зянонаўна заўважае: “Адна жанчына або адзін мужчына не змогуць усё зрабіць. Трэба клапаціцца разам, быць у гармоніі. Яна ў нас ёсць”. Таму нездарма іх дачка Таццяна (яна працуе бухгалтарам у АБП “Рассвет Пастаўскі”, сёлета заканчвае Горацкую сель­гасакадэмію) прызнаецца: “Ха­чу, каб мой будучы муж быў такі, як тата”. А шас­цігадовы Да­нілка (сы­наў сын) не можа дачакацца выхадных, каб трапіць да бабулі і дзядулі, у якіх не толькі прыгажосць і прастора, але і столькі любові і пяшчоты да яго.

Вяртаючыся да  тэмы добраўпарадкавання, гаспадары гаварылі наступнае: “У багатых людзей зараз модна запрашаць дызайнераў, якія ўсё зробяць па вышэйшым класе. Мы да ліку такіх не адносімся. Абое працуем на малочным заводзе, зарплаты невялікія. Але і самі з рукамі: што задумаем, тое і зробім. А ў планах яшчэ многае…”

Несумненна, што ў такіх гаспадароў, як Тэрэса Зянонаўна і Станіслаў Іванавіч, яны абавязкова ўвасобяцца ў жыццё.

Фаіна КАСАТКІНА.

Уладзімір КАЛІБАТАЎ (фота).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.