Шчодрасць душы — іншым


 

Людміла Стаброўская нарадзілася ў Мядзельскім раёне, а ў Сяргеевічы выйшла замуж. Доўгі час у мясцовай школе выкладала біялогію. Калі школу закрылі, перавялася ў Дунілавіцкую. А потым з’явілася думка паспрабаваць сябе ў сацыяльнай службе.

— У Сяргеевічах, як і ў любой вёсцы, шмат пажылых людзей, якім самастойна цяжка спраўляцца з хатнімі справамі, — расказвала загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Таццяна Вацлаваўна Андрон. — Таму на гэту зону шукалі чалавека, якому можна было б даверыць лёсы адзінокіх і адзінокапражываючых. Люд­міла Антонаўна працуе менш за год, водгукі пра яе самыя добрыя.

Сацыяльнага работніка знаходжу ў яе падапечнай Ірыны Браніславаўны Півавар. Жанчына адзінокая. Працавала ў жывёлагадоўлі, даўно на пенсіі.

— Ці ж у маладосці думала, што простыя рэчы стануць не пад сілу, — гаварыла. — Мне пасля інсульту і падлогу, і вокны, і адзенне вымыць цяжка. А за прадуктамі выбрацца ў магазін ці па лякарствы ў аптэку даехаць? Людачка — як “хуткая дапамога”. Летам у мяне любяць адпачываць знаёмыя з Наваполацка, прыязджаюць пляменнікі. З імі дні весялейшыя, а раз’едуцца — чакаю Люду. Яна так пра мяне клапоціцца: валасы дапаможа зачасаць, у хаце і агародзе парадак навя­дзе, прадукты прынясе. А як хочацца часам пагаварыць па душах! Люда мяне чуе і разумее.

У Л. А. Стаброўскай восем падапечных, якія, згодна з заключэннем медыкаў, маюць патрэбу ў паслугах сацработніка. У большасці з іх ёсць дзеці, якія жывуць далекавата, прыязджаюць на выхадныя і святы, запрашаюць бацькоў да сябе. Але старым людзям нідзе няма мілей, чым у сваім доме. А што самім зрабіць не пад сілу, дапамагае Л. А. Стаброўская.

— У Люды цудоўная ­сям’я, — расказвала Эдварда Вікенцьеўна Стаброўская. — Два сыны дарослыя, а малодшы-школьнік з бацькамі. Муж і сын дапамагаюць ёй. Антон-старэйшы на машыне завязе за прадуктамі ці лякарствамі, сваім канём акучыць падапечным бульбу. Антон-малодшы вады прынясе, зімой снег расчысціць. Я ў свой час загадвала жывёлагадоўчай фермай, працавала заатэхнікам, асемянатарам. Ужо больш за 20 гадоў на пенсіі. Сілы пакідаюць, таму дапамога сацыяльнага работніка вельмі дарэчы і мне, і іншым жанчынам. Сабраўшыся разам з Ганнай Віктараўнай Лугавой, Верай Ігнацьеўнай Стаброўскай, Алінай Антонаўнай Кардзіёнак, Марыяй Віктараўнай Казловіч лю­бім успамінаць маладосць. Яны таксама працавалі ў жывёлагадоўлі. Якой цяжкай тады была праца даяркі, цялятніцы, сві­наркі! Але ўсе былі старанныя, дружныя. Сяброўства падтрымліваем і цяпер. Па магчымасці сустракаемся ў капліцы, ходзім адна да адной на дні нараджэння. Вось і нядаўна віншавалі Марыю Віктараўну Казловіч. Людачка дапамагала святочны стол падрыхтаваць. Хораша пасядзелі, песні паспявалі. У дзяцей свае сем’і і свае інтарэсы, а ў нас агульнае мінулае. У горад да дзяцей паедзем, як зусім заняможам, а пакуль Людачка дапамагае —  нагам лягчэй хадзіць па родных сцежках.

Быць сацыяльным работнікам няпроста. Не кожны разам з выкананнем службовых абавязкаў здольны аддаваць шчодрасць душы іншым. Пасля размоў з падапечнымі Людмілы Антонаўны Стаброўскай пераканалася: у яе гэта атрымліваецца.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.