Супакоіць словам, дапаможа справай


Ганну Адольфаўну Пачкоўскую знаёмыя нярэдка называюць Маці Тэрэзай, бо яна ніколі не бывае раўнадушнай да чужой бяды, шчыра раздзеліць радасць і заўсёды прыйдзе на дапамогу таму, хто мае ў ёй патрэбу. Клопат пра іншых не абцяжарвае жанчыну. Наадварот, ад гэтага яна атрым­лівае задавальненне.  

— Нічога звышнатуральнага не раблю, — гаварыла Ганна Адольфаўна. — Ну як, напрыклад, не дапамагчы дачцэ і сыну гадаваць дзетак? У Іры іх пяцёра. Жывуць у Вайцяхах, а ў садок і школу прыязджаюць у Гуту. Колькі ўжо гадоў раніцай стаю на аўтобусным прыпынку ў чаканні ўнукаў, сустракаю і вяду ў школу, потым забіраю і аўтобусам адпраўляю дадому.

Сын жыве ў Гуце, у яго трое дзетак. Яны любяць прыбягаць да мяне на розныя прысмакі. А зберуцца ўсе разам — бліноў не напячыся. З малымі займацца — адно задавальненне. Яны такія гумарныя. А ці ж мне цяжка спыніцца каля веснічак каторай адзінокай бабулі, спытаць пра здароўе, які сон прысніла, што на сняданне ела, падбадзёрыць, расказаць якую байку, каб узняць настрой?

Да нядаўняга часу Ганна Адольфаўна даглядала хворага свёкра. У старога дзве дачкі, а ён пажадаў жыць у сына ў Гуце. Як занямог, нявестку стаў называць мамкай. І калі тая паехала ў абласную бальніцу на абследаванне на некалькі дзён, моцна за яе перажываў, нават перастаў падымацца з ложка. А вярнулася дадому — зноў павесялеў.

— Тата перанёс цяжкі інсульт, — расказвала жанчына. — І шэсць гадоў пражыў разам з намі. Са старымі больш складана, чым з малымі. Яны нярэдка празмерна капрызныя, патрабавальныя. Ды яно і не дзіўна: калі пастаянна штосьці баліць, дзень за днём пакідаюць сілы, то якім можа быць настрой? Я старалася дага­джаць, патрапляць. Толькі жыццё не бясконцае — завяршыўся зямны шлях і свёкра. А мяне ўсё цягне ў яго пакой, па начах здаецца, што трэба спяшацца павярнуць яго на другі бок, даць папіць або пераапрануць.

— А яшчэ Аня дапамагае многім іншым вяскоўцам, — расказвала гутчанка Вера Уладзіміраўна Павініч. — Нярэдка дзіўлюся: калі яна адпачывае? Як на ўсіх хапае любові, цеплыні, спагады, цярпення? Як усюды паспявае? У доме — чысціня, у агаро­дзе — парадак, дзеці, унукі ўвагай і клопатам ахінутыя, яшчэ і да чужых спяшаецца. Можа, таму такая добрая і чулая, што сама выхоўвалася без маці? Яна ўмее паладзіць з кожным. Дапамагаюць у гэтым вясёлы характар, трапны гумар і музыка з песняй. Нават калі што не атрымліваецца, Аня пастаянна верыць, што ўрэшце ўсё наладзіцца. А як весела бывае ў Пачкоўскіх па святах! Усе збіраюцца ў бацькоўскай хаце — а гэта вялікая дружная сямейка. Гаспадыня — адмысловы повар і кулі­нар, гатуе мноства страў. Гучыць музыка. Іх сямейны ансамбль вядомы далёка за межамі раёна. Пачкоўскія — самыя жаданыя артысты і на мясцовых святах.

З нецярпеннем чакае Ганну Адольфаўну і 75-гадовая суседка Кацярына Сямёнаўна Лапцева. Жанчына пакутуе на хваробу Паркінсона. Сыны, якія жывуць у Рызе і Вісагінасе, просяць паехаць да іх. Бабуля ж са сваёй хаты ні нагой. Тры разы ў тыдзень да яе прыходзіць сацыяльны работнік. А Ганна Адольфаўна амаль два гады, не злічыць, колькі разоў за дзень, адчыняе дзверы. Зварыць, напрыклад, раніцай кашу і заспяшаецца да суседкі, у абед гарачага супу занясе. Паміж гэтым часта тэлефануе, цікавіцца, як Сямёнаўна сябе адчувае. Вечарам за духмяным чаем пася­дзяць, пагавораць і да наступнай раніцы развітаюцца. Або адчуе Сямёнаўна сябе кепска сярод ночы — тэлефануе Пачкоўскім, і Ганна Адольфаўна імчыць імгненна, змерае ціск, дасць неабходнае лякарства, супакоіць добрым словам.

— Апошнім часам і ў мяне здароўе кепскае, — гаварыла Ганна Адольфаўна. —  Таму шукаю, каб хто дапамагаў мне за Сямёнаўнай прыглядаць. А то давядзецца самой легчы  ў бальніцу — бу­дзе душа балець па ёй…

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.