Токар-ювелір


Спакойна пагутарыць з токарам адкрытага акцыянернага таварыства «Пастаўскі льнозавод» Іванам Счаслававічам Мукелем — лаўрэатам звання «Чалавек года Пастаўшчыны» — на яго рабочым месцы не атрымалася. Да спецыяліста пастаянна падыходзілі вадзіцелі, механізатары з прось­бай вытачыць новую або адрамантаваць зламаную дэталь. Іван Счаслававіч даваў тлумачэнні, абяцаў у бліжэйшы час выканаць заказ. Некаторым трэба было неадкладна штосьці падтачыць, і тады токар уключаў станок.

— Стаж работы — больш за трыццаць гадоў, — расказваў пазней. —  Пасля школы паступіў у Пастаўскае прафтэхвучылішча. Закончыўшы, вярнуўся ў былы калгас «За Радзіму» (цяпер дварчанскае аддзяленне ААТ «Камайскі-агра»), у якім працавалі бацькі. У майстэрні любіў назіраць за работай токара, часам прасіў даць паспрабаваць што-небудзь вытачыць. Потым была служба ў арміі, падчас якой усё часцей лавіў сябе на думцы, што мне найбольш падабаецца апрацоўка металу на станках.

Адслужыўшы, уладкаваўся на завод вучэбнага абсталявання (ААТ «Паставымэбля»). Добрым настаўнікам па такарнай справе стаў вопытны токар Міхаіл Мікалаевіч Бароўка. Кожнаму рабочаму даводзілася норма выпрацоўкі — 130 дэталей за змену. На трэці дзень Іван яе выканаў лёгка. За кароткі час з першага разрада дайшоў да трэцяга.

Потым прывабіў завод «Беліт». На маладым прадпрыемстве, акрамя асноўнай вытворчасці, працавалі падсобныя цэхі, работа токара была разнастайнай і таму вельмі падабалася. Дзесяць гадоў там адпрацаваў. Бываў на курсах перападрыхтоўкі, «дарос» да шостага разраду. Але прыйшлі перабудовачныя дзевяностыя, завод часта прастойваў, зарплата не выплачвалася, і  гэта вымусіла звольніцца.

Новым месцам работы стаў ільнозавод. Токар-прафесіянал тут хутка стаў сваім і вось ужо дзевятнаццаць гадоў з радасцю пераступае парог прахадной. Яго рукі і веды на заводзе вельмі запатрабаваны.

— Такарная справа не кожнаму па душы, і не ўсе яе могуць асвоіць, — гаварыў Іван Счаслававіч. — Многіх маладых спрабаваў навучыць. На жаль, дасканала яе асвоілі толькі некалькі чалавек. У нашай справе патрэбны ўважлівасць, акуратнасць і ювелірная, да сотых міліметра, дакладнасць. Калі памылішся пры замерах і няправільна абточыш або адшліфуеш дэталь, яна не падыдзе да станка ці агрэгата. Работа і ручная, і разумовая. Нярэдка прыходзіцца чытаць чарцяжы і па іх вырабляць неабходнае, іншы раз выточваеш па арыгінале. Трэба мець добры зрок, хуткую рэакцыю, адчуваць работу станка і падатлівасць металу. Прапусціш момант — сапсуеш дэталь.

— Іван Мукель — токар-ювелір з залатымі рукамі, надзейны і адказны, — характарызаваў работніка дырэктар ільнозавода Пётр Іванавіч Скурко. — Ніколі не лічыцца з часам, калі трэба, і затрымаецца даўжэй, і ў выхадны дзень выручыць. Асаблівае напружанне пануе на заводзе падчас пасяўной, цераблення льну і нарыхтоўкі льнотрасты. Ні  адзін станок з асноўнай вытворчасці, трактар або сельгасінвентар не абыхо­дзіцца без дэталей, зробленых Мукелем. А гэта не толькі балты і гайкі, але і буйныя і мініяцюрныя дэталі. Ён не толькі мільёны рублёў эканоміць для завода, але і час: пакуль новую дэталь купіш і прывязеш, тэхніка будзе прастойваць, а Іван запусціць яе ў работу хутка. Цэнім такога высакакласнага спецыяліста. Ён — гонар нашага калектыву.

У рамонтна-механічным цэху побач з І. С. Мукелем працуюць і іншыя выдатныя спецыялісты: слесары, зваршчыкі, фрэзероўшчыкі. Пры неабходнасці Іван Счаслававіч можа замяніць любога з іх. Але найбольш цесна звязаны са слесарам-фрэзероўшчыкам Віктарам Памецькам, з якім разам прыйшлі з «Беліта». Калегі адзначалі Іванаў прафесіяналізм, яго гатоўнасць дапамагчы іншаму, выручыць, падстрахаваць.

Вось і на гэты раз ён рупіўся хутчэй вытачыць неабходную дэталь да «Волгі», якая на наступны дзень павінна была адправіцца ў камандзіроўку ў Віцебск. Токар уключыў станок, шумам напоўніўся цэх, і просты кавалак металу ў руках прафесіянала стаў ператвараецца ў неабходную дэталь.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.