У палоне старадаўняй музыкі

Культура

Пастаўчане ўжо настолькі прызвычаіліся да фестывальных канцэртаў на прыступках усходняга фасада палаца Тызенгаўзаў, што калі б па нейкай прычыне ў святочнай праграме іх не аказалася, гледачы, напэўна,  усё роўна сабраліся б. Як і кожны раз у папярэднія гады, у суботні дзень ХVІІ Міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” сюды завіталі гаспадары будынка — медыкі, а таксама музыканты, педагогі і проста гара­джане, чые сэрцы паланіла старадаўняя музыка. А сёлета іх інтарэс быў “падагрэты” яшчэ адной падзеяй, якая толькі што адбылася тут, у палацы, — адкрыццём экспазіцый раённага краязнаўчага музея. Наслухаўшыся пра гаспадароў маёнтка, іх справы, людзі, здавалася, поўнасцю акунуліся ў атмасферу мінулых стагоддзяў.

На імправізаванай сцэне — ансамбль салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі “Класік-Авангард” і яго мастацкі кіраўнік Уладзімір Байдаў. Вядучая — лаўрэат міжнародных конкурсаў, салістка Ірына Лой — вітае прысутных, прадстаўляе калектыў. Канцэрт пачынаецца творам знакамітага дзеяча беларускай гісторыі Мацея Радзівіла. Затым гучыць музыка Фларыяна Станіслава Міладоўскага, Марыі Агаты Шыманоўскай, Станіслава Манюшкі, Міколы Грушвіцкага, Караля Гра­­-д­зе­цкага, Джузэпэ Вердзі… і самога графа Тызенгаўза. Так-так, Канстанцін Тызенгаўз вядомы не толькі сваімі навуковымі адкрыццямі, але і музычнымі творамі. У рэпертуары ансамбля — старадаўняя беларуская музыка, шэдэўры рускай і замежнай класікі, творы сучаснікаў.

Калектыў не ўпершыню выступае ў Паставах, і кожны раз такія канцэрты дораць гледачам прыемныя хвіліны сустрэч з высокім вакальным майстэрствам. Менавіта пра гэта гаварыў наш зямляк, былы намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі.

—            Не магу не выказаць свайго захаплення гэтым унікальным калектывам, які так выдатна адраджае і папулярызуе нашу беларускую старадаўнюю музыку і сусветнае класічнае мастацтва, — адзначаў ён. — І музейныя экспазіцыі, і гэты канцэрт вяртаюць нам гісторыю, якая робіць новы віток. У Паставах з’яўляецца паўнавартасны музей, падобны на той, што існаваў тут раней і якім славіўся і палац, і горад. Я мару, каб на канцэрты гэтага і іншых калектываў збіраліся не толькі пастаўчане, але і госці з Нарачы, Мінска. Бо ў такой атмасферы, калі разам з аркестрам спяваюць птушкі і ўсё разам зліваецца ў прыгожы музычны фон, любы твор успрымаецца больш эмацыянальна і  глыбока. І артыстам тут прыемна выступаць.

Галіна ПІШЧ.

Фота Іны СНЯЖКОВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.