Урачыста і масава прайшло ў Паставах святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (ФОТА)

Местная власть

Светлым, радасным і ў той жа час хвалюючым атрымалася свята ў Паставах. 3 ліпеня ў ім удзельнічалі сотні гараджан, воіны Пастаўскага гарнізона. З асаблівай цеплынёй і ўвагай яны віталі ветэранаў вайны і тылу.

На прыёме ў райвыканкаме

У раённым выканаўчым камітэце адбылася сустрэча з былымі франтавікамі і партызанамі, работнікамі тылу. На вялікі жаль, на ёй прысутнічала нямногім больш за 10 чалавек — толькі тыя, каму дазволіла здароўе. Супрацоўнікі раённай сацыяльнай службы і ветэранскай арганізацыі разам з роднымі ўдзельнікаў сустрэчы паклапаціліся пра тое, каб некалькі гадзін для галоўных герояў свята сталі радаснымі, запамінальнымі, пакінулі незабыўныя ўражанні. Ветэранаў віталі старшыня райвыканкама В. С. Гутараў, ваенны камісар райваенкамата падпалкоўнік Ю. В. Мільто, старшыня савета раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў А. А. Калеснікаў.

Віктар Сяргеевіч Гутараў па­дзякаваў удзельнікам прыёму за іх баявыя і працоўныя справы, пажадаў здароўя, даўгалецця і ўручыў юбілейныя медалі і пісьмы-віншаванні ад Прэзідэнта краіны. Не без хвалявання іх атрымалі Віктар Іванавіч Ашчэпкаў, Аляксандр Аляксандравіч Антух, Мікалай Яўстаф’евіч Зубовіч, Яўгеній Вікенцьевіч Мацкевіч, Уладзімір Яўстаф’евіч Шорац, Ларыса Іосіфаўна Навуменка, Мая Львоўна Маркава, Пётр Антонавіч Лісовіч, Іларыён Са­вельевіч Русалоўскі, Васілій Ягоравіч Шараў, Барыс Дзмітрыевіч Сямашка, Уладзімір Ігнацьевіч Атаманчук.

 Жыве памяць

У гарадскім скверы, што на плошчы Леніна, адбыўся мітынг-рэквіем. Ля абеліска на брацкай магіле, дзе пахаваны вызваліцелі зямлі беларускай, сабраліся сотні ўдзельнікаў свята. Разам з ветэранамі вайны ў адной шарэнзе стаялі сённяшнія абаронцы Айчыны. Звяртаючыся да іх, а таксама да прадстаўнікоў працоўных калектываў і моладзі, гасцей горада, старшыня райвыканкама В. С. Гутараў нагадаў, якой дарагой цаной было заваявана вызваленне. У гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці наш суайчыннік. Было разбурана больш за 200 гарадоў, знішчана амаль 10 тысяч вёсак і пасёлкаў, сотні іх спалены разам з людзьмі. Ваенная навала не абмінула і Пастаўшчыну. Звыш 8 тысяч жыхароў было знішчана і вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Падчас карных аперацый фашысцкія захопнікі спалілі 77 населеных пунктаў, у тым ліку — датла вёску Альцы з 72 жыхарамі. На тэрыторыі раёна пацярпела практычна кожная сям’я.

Таму такім радасным і незабыўным было вызваленне. Яго прынеслі воіны 145-ай Віцебскай стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра П. А. Дзібровы. Гэты дзень набліжалі і самі пастаўчане. Залатымі літарамі ў летапіс Вялікай Айчыннай вайны ўпісаны імёны нашых землякоў — Герояў Савецкага Саюза Фёдара Рыгоравіча Маркава і Ганны Іванаўны Маслоўскай, маладых патрыётаў Яўгенія Брадовіча, Надзеі Асяненка, Яўгеніі Машара, Усціна Ясюковіча, якія загінулі ў росквіце жыцця, і многіх іншых. Больш за тры тысячы нашых воінаў-землякоў, падпольшчыкаў і партызан былі ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. Мы памятаем і пра 780 воінаў-вызваліцеляў, якія навечна засталіся на пастаўскай зямлі. Работа па ўстанаўленні іх прозвішчаў працягваецца.

Эстафету слаўных спраў прадаўжаюць нашчадкі Вялікай Перамогі, у тым ліку воіны-пагранічнікі. Ад іх імя на мітынгу выступіў старшы афіцэр аддзялення ідэалагічнай работы і прафесійна-службовай падрыхтоўкі аддзела пагранічнай службы “Паставы” капітан А. А. Пупкевіч.

У знак бязмежнай удзячнасці школьнікі ўручылі ветэранам кветкі. А на Алеі славы ўспыхнулі агеньчыкі, да стэл Герояў Савецкага Саюза ляглі чырвоныя гваздзікі. Данінай памяці ўсім загінуўшым сталі ўскладанне да абеліска вянкоў і кветак, мінута маўчання, збройны салют. У такія хвіліны з асаблівым пачуццём адчуваеш, як трэба берагчы жывых удзельнікаў вайны, іх гераічнае мінулае, каб і праз многія гады з вялікай удзячнасцю людзі прыходзілі да помнікаў і абеліскаў, ведалі і шанавалі гісторыю.

Захавальнікам традыцый, гаспадарам зямлі

Урачыстым атрымалася шэсце з плошчы імя Леніна ў гарадскі парк, дзе прадоўжылася свята. Калону ўзначальвалі ветэраны вайны, кіраўніцтва раёна. У ёй прайшлі дэлегацыі практычна ўсіх працоўных калектываў горада. Удзельнікаў святкавання віталі старшыня райвыканкама В. С. Гутараў і ветэран Вялікай Айчыннай вайны М. Я. Зубовіч.

Затым адбылася цырымонія ўзнагароджвання. За актыўны ўдзел у рабоце раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, вялікі асабісты ўклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі, актыўную жыццёвую пазіцыю кіраўнік раённай вертыкалі В. С. Гутараў уручыў Ганаровыя граматы і Па­дзякі М. Я. Зубовічу, А. А. Антуху, У. М. Скоўпеню, А. А. Калеснікаву, А. І. Кузняцову, Ю. В. Мільто, Р. Н. Ластоўскай, В. А. Трафімавай, Л. В. Станюш, П. П. Рагіню, Ю. С. Копасаву, Т. В. Казакевіч, С. М. Кісялёву. Узнагароды былі ўручаны таксама кіраўнікам калектываў і асобным выканаўцам — пераможцам раённага конкурсу-агляду мастацкай самадзейнасці, прысвечанага юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На ўрачыстасці былі ўшанаваны не толькі захавальнікі і прымнажальнікі гераічных традыцый, але і тыя, хто сваёй працай робіць багатай зямлю. Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А. В. Чарвінскі ўручыў граматы і грашовыя прэміі пераможцам раённага спаборніцтва на веснавой сяўбе. Сярод маладых механізатараў імі сталі Уладзімір Дзясятнік, Міхаіл Ярашэвіч і Раман Панкрашоў з ААТ “Хацілы-агра” і “Блакітныя азёры-агра”. На сяўбе, падрыхтоўцы глебы, унясенні ўгнаенняў увесь п’едэстал гонару занялі механізатары ААТ “Навасёлкі-Лучай” Юрый Татарчук, Руслан Шымко, Яніс Вішнеўскі, Мікалай Шынкевіч, Андрэй Жалейка і Сяргей Гіль.

Квітней, край пастаўскі!

Пляцоўка летняга амфітэатра, дзе праходзіла ўрачыстасць, стала своеасаблівым аглядам не толькі патрыятычных і працоўных спраў, але і творчых дасягненняў калектываў мастацкай самадзейнасці і асобных выканаўцаў. Канцэртную праграму адкрыў народны хор ветэранаў вайны і працы. А затым за шчаслівае дзяцінства, мірнае неба над галавой ветэранам дзякавалі юныя таленты з Варапаеўскага ГПДК, Навасёлкаўскага філіяла дзіцячай школы мастацтваў і раённага Дома культуры. Шчырыя апладысменты за любоў да роднай зямлі, павагу да гісторыі заслужылі народныя ансамблі “Вітанне”, “25 плюс-мінус”, хор настаўнікаў, удзельнікі мастацкай самадзейнасці ААТ “Паставымэбля”, СШ №5 і №3, дзіцячых садоў №1 і №5, індывідуальныя выканаўцы. “Мы любім цябе, Беларусь!”, “Красуй і квітней, край пастаўскі!” — гэтыя і іншыя шчырыя прызнанні сталі лейтматывам усёй святочнай канцэртнай праграмы, якую з задавальненнем паглядзелі сотні гараджан.

А вечарам у гарадскім парку ўсе жадаючыя прынялі ўдзел у акцыі “Спяём гімн разам”.

 

 Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.