Хутка жніво

Местная власть

У раённым выканаўчым  камітэце з удзелам дырэктараў, галоўных аграномаў і інжынераў сельгаспрадпрыемстваў, спецыялістаў райсельгасхарчу разгледжаны пытанні нарыхтоўкі кармоў, падрыхтоўкі да жніва, вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і іншыя. Пра тое, як яны вырашаюцца на практыцы, ішла размова пры наведванні ААТ “Сцяг Перамогі-агра”, “Пастаўскі райаграсэрвіс”, “Навасёлкі-Лучай”, СП “Дунілавічы-агра” і філіяла “Нафтазаводмантаж-агра”. На неадкладных задачах, якія трэба вырашыць у самы бліжэйшы час, завастрылі ўвагу кіраўнік раённай вертыкалі В. С. Гутараў і начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. В. Чарвінскі. Важнейшай з’яўляецца падрыхтоўка да жніва.

У раёне вырашчаны нядрэнны ўраджай азімых і яравых зерневых і зернебабовых культур, якія займаюць 23116 гектараў. Іх валавы збор будзе залежаць ад тэрмінаў і якасці ўборкі і дапрацоўкі зерня. Кіраўнікі і галоўныя аграномы гаспадарак павінны валодаць дакладнай інфармацыяй аб ходзе паспявання хлябоў, іх біялагічнай ураджайнасці і з улікам гэтага вызначаць пачарговасць уборкі, кантраляваць якасць. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на гатоўнасць сушылак і складоў.

Адказнасць за правядзенне ўборачнай кампаніі кладзецца на комплексны тэхналагічны атрад, які ўзначальвае галоўны аграном. Атрад уключае ў сябе наступныя звенні: камбайна-транспартныя, па дапрацоўцы ўраджаю, уборцы саломы, тэхнічным аб­слугоўванні камбайнаў і транспартных сродкаў, арганізацыі харчавання, ажыццяўленні разлікаў аплаты працы і падвядзенні вынікаў працоўнага саперніцтва.

На жніве ў раёне плануецца задзейнічаць 110 зернеўборачных камбайнаў, большасць з якіх — “КЗС-1218” і “КЗР-10”. Каб правесці ўборку зерневых і зернебабовых за 20 дзён — а менавіта такая ставіцца задача — трэба штодзённа абмалочваць збажыну ў сярэднім на 1155 гектарах. Гэта магчыма пры максімальным выкарыстанні ўсяго камбайнавага парка сельгаспрад­прыемстваў. Дарэчы, сярэдняя вытворчая нагрузка на адзін камбайн па раёне складае 201 гектар, максімальная — 348 гектараў у СП “Дунілавічы-агра” і 273 — у ААТ “Парыж-агра”. Камбайны павінны быць спраўнымі і загерметызаванымі, прайсці праверку на надзейнасць ушчыльненняў. Як гэта зрабіць, было прадэманстравана на мехдвары СП “Дунілавічы-агра”. На жаль, яшчэ не ўсе камбайны гатовы да работы ў СВК “Андроны”, ААТ “Янавіца-агра”, “Вярэнькі-агра”, “Парыж-агра”, “Блакітныя азёры-агра”.

Пакуль складаная сітуацыя і з забеспячэннем тэхнікі палівам. Для правядзення ўсяго комплексу работ патрабуецца 3268 тон дызельнага паліва і 5,1 млрд рублёў для пакупкі масла, пячнога паліва і бензіну. Дзве трэція часткі гэтай сумы павінны складаць уласныя сродкі і крэдыты банка на агульных падставах. У такой сітуацыі самы жорсткі кантроль неабходна ўстанавіць за рацыянальным расходаваннем паліва.

У раёне ўборачныя работы фактычна пачаліся. У чатырох сельгаспрадпрыемствах убіраюць азімы рапс. Вельмі важна паралельна працягваць нарыхтоўку кармоў, рыхтавацца да сяўбы азімых, уборкі тэхнічных культур. Словам, работы шмат. Таму трэба правільна распарадзіцца кадрамі масавых прафесій, эфектыўней выкарыстоўваць дапамогу шэфаў, забяспечыць высокую арганізацыю працы і дысцыпліну.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.