Яго рукам падуладны метал


Генадзій Часлававіч Юндзель

 Даўней каваль быў галоўным чалавекам на вёсцы. Практычна кожны гаспадар прыходзіў у кузню, каб падкаваць каня, адрамантаваць сельскагаспадарчы інвентар, вырабіць іншую рэч. Работа патрабавала майстэрства і сіл. Здавалася б, з развіццём механізацыі гэта самабытная прафесія стане незапатрабаванай. Але гэта не так. Вось і ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Навасёлкі-Лучай” мець каваля лічаць неабходнасцю. Генадзій Часлававіч Юндзель доўгі час працаваў механізатарам. А завяршаліся работы ў полі — знаходзіў занятак у кузні. І калі якой запчасткі не аказвалася пад рукой, мог зрабіць яе на месцы. Метал у яго руках — бы той пластылін — гнуткі і падатлівы, а дэталь служыць надзейна.

У 55 гадоў Г. Ч. Юндзель атрымаў права на льготную пенсію, але застаўся працаваць у кузні. З таго часу мінула пяць гадоў. Пра яго ўсе гавораць як пра сапраўднага прафесіянала. Ён ніколі не бывае без справы.

Праходзім у кузню — тое месца, дзе адбываюцца сапраўдныя цуды. Генадзій Часлававіч расказвае пра работу: “У кавальскім горне метал награваецца да тэмпературы, пры якой ён паддаецца коўцы. Накавальня — мой рабочы стол, на ёй выконваюцца асноўныя кавальскія аперацыі”. Гарачыя загатоўкі каваль кляшчамі дастае з горна, кладзе на накавальню і ўдарам малатка надае ім неабходную форму. Робіць гэта хутка, пакуль жалеза не астыла і не страціла пластычнасць. Успамінаю прымаўку: куй железо, пока горячо. Для апрацоўкі металу коўкай патрэбны асаблівыя здольнасці, фізічная сіла.

— Кавальству па кніжцы не навучышся, — працягвае Генадзій Часлававіч. — Пакуль сваімі рукамі не зробіш — нічога не будзеш ведаць і ўмець. І хоць у кузні ўстаноўлены пнеўматычны молат, не абыхо­дзіцца без ручной працы. Асноўныя кавальскія інструменты — малаток, кувалда, зубіла, ціскі і іншыя інструменты. Работы хапае заўсёды: з восені ставім тэх­ніку на лінейку гатоўнасці, а выедзе трактар у поле — зноў здараюцца паломкі. Рамантуем бароны, культыватары, плугі. Ужо прыступілі да жніва, і цяпер асноўны клопат — камбайны.

— Без дапамогі Часлававіча не абыхо­дзіцца ні адзін механізатар гаспадаркі, — расказваў галоўны інжынер ААТ “Навасёлкі-Лучай” Яўгеній Вішнеўскі. — Спецыяліст  высакакласны, працуе з душой, таму  метал падуладны яго рукам.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.