За крок ад п’едэстала

Спорт

“ПМЦ-Паставы” — “Белшына” (Бабруйск) — 4:0

Заключную гульню сезона выпускнікі футбольнай акадэміі ПМЦ пачалі з добрым настроем на высокіх хуткасцях. У іх сталі атрымлівацца імклівыя камбінацыі, адну з якіх ужо на 6-ай хвіліне завяршыў лепшы бамбардзір пастаўчан Аляксандр Александровіч, атрымаўшы мяч у цэнтры штрафной пляцоўкі. Бабруйчане дазволілі згуляць супраць сябе свайму новаму іграку — экс-пастаўчаніну Глебу Жалезнікову, які вызначыўся ў сярэдзіне першага тайма. Праход гэтага крайняга хуткаснага форварда госці спынілі недазволеным прыёмам, і пацярпелы бездакорна рэалізаваў пенальці.

У другой палове сустрэчы бабруйчане арганізавалі некалькі небяспечных атак. У адным з эпізодаў запасны варатар пастаўчан Мікіта Рабцэвіч ледзь “выцягнуў” мяч з дальняга вугла. Аднак было відавочна, што па класе і ўзроўні падрыхтоўкі каманда ПМЦ гуляе мацней саперніка, і гэта праявілася ў канцоўцы сустрэчы.

Спачатку на хуткасці на ўдарную пазіцыю выйшаў А. Александровіч і забіў свой 24-ты гол у нацыянальным першынстве. Перад самым фінальным свістком партнёры вывелі на вароты абаронцу Віталя Дубіна, які адправіў мяч у непрыкрытыя вароты. Апошні пераможны матч на добрым узроўні правялі пастаўчане Чашун (Рабцэвіч), Танана (Якаўлеў), Сакалоў, Ванда (к), Камісарчук (Дубін), Беразун (Пучынскі), Александровіч, Лузан (Павініч), Жалезнікоў (Бяльчонак), Кухарчык, Вілейта (Цітовіч).

У чарговым чэмпіянаце Беларусі каманда ПМЦ выйграла 18 з 28 праведзеных гульняў, двойчы згуляла ўнічыю і 8 разоў прайграла. Яна  зноў стала самай выніковай у нацыянальным першынстве і забіла 77 галоў. Аднак з 56 набранымі ачкамі заняла 5-е месца (на адно ачко адстала ад мінскіх «дынамаўцаў»). Менавіта нічыя з імі і асечка затым у Віцебску ў пачатку лета не дазволілі пастаўчанам заваяваць медалі, але выхаванцы ПМЦ даказалі, што з’яўляюцца аднымі з мацнейшых у краіне і могуць быць прыняты ў лепшыя айчынныя клубы. Тройку прызёраў першынства склалі сталічны “РЦАП-СКВІЧ”, барысаўскі «БАТЭ» і ФК “Гомель”.

У яшчэ адным матчы дня пастаўчане ва ўзросце да 16 гадоў без праблем перамаглі аднагодкаў-бабруйчан з лікам 2:0 пасля трапных удараў Максіма Грыгор’ева і Арцёма Будніка. Каманда «ПМЦ-2» фінішавала на крыўдным 4-ым месцы. Выйгралі турнір у гэтай узроставай групе мінскія “дынамаўцы”. Пастаўчане маглі б заваяваць нават “серабро”, але дома саступілі гродзенцам і засталіся без узнагарод. Напрыканцы жніўня стартуе новае нацыянальнае першынство, у якім Паставы павінны зноў згуляць дзвюма сваімі юнацкімі камандамі.

Уладзімір ШЫК.




Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.