Задача — актывізаваць дзейнасць прафсаюзных арганізацый

Местная власть

В. С. Гутараў уручае Б. П. Шылько Падзяку старшыні райвыканкама.

25 ліпеня адбылася VIII справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, на якой са справа­здачай аб рабоце за перыяд са студзеня 2010-га па чэрвень 2014 года выступіў яе старшыня Б. П. Шылько. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел і выступілі старшыня раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутараў і старшыня Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК  А. Я. Кузмянкоў.

Дэлегаты канферэнцыі  прадстаўлялі 24 арганізацыі, у якіх налічваецца 4230 чалавек. Па колькасным складзе гэта самая шматлікая ў раёне прафсаюзная арганізацыя, члены якой непасрэдна працуюць у сельскагаспадарчай вытворчасці, будаўніцтве, меліярацыі і іншых галінах аграпрамысловага комплексу, рыхтуюць кадры масавых прафесій і вучацца ў прафтэхкаледжы.

У справаздачным перыядзе райкам прафсаюза і прафкамітэты ў цэнтры ўвагі трымалі пытанні абароны прафесійных інтарэсаў розных катэгорый работнікаў; удасканалення сістэмы і памераў аплаты працы; стварэння належных умоў для работы; захавання заканадаўства, правілаў і норм аховы працы; ажыццяўлення грамадскага кантролю; арганізацыі аздараўлення дзяцей і шэраг іншых. Найбольшай актыўнасцю вызначалі­ся прафкамітэты   ААТ “Хацілы-агра”, “Навасёлкі-Лучай”, “Сцяг Перамогі-агра”, “Ярэва-агра”, СП “Дунілавічы-агра”, АБП “Рассвет Пастаўскі”, райаграсэрвісу, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, навучэнцаў прафтэхкаледжа.

У дакладзе быў зроблены падрабязны аналіз па кожным з кірункаў работы,  гаварылася пра неабходнасць і шляхі яе ўдасканалення. У прыватнасці, па-ранейшаму ёсць парушэнні (асабліва ў сельгаспрадпрыемствах)  ва ўліку фактычна адпрацаванага часу. Не ўсе наймальнікі адказна і патрабавальна адносяцца да пытанняў аховы працы. Невысокая замацаванасць маладых кадраў на вытворчасці. Прафсаюзныя камітэты не ў поў­най меры выкарыстоўваюць прадастаўленыя ім правы і магчымасці па ажыццяўленні абаронна-прававых функцый у пытаннях працоўнага заканадаўства, аховы працы і тэхнікі бяспекі, павышэння адказнасці кадраў за даручаную справу.

Асаблівая ўвага была звернута на неабходнасць умацавання фінансавага становішча прафарганізацый, удасканалення сістэмы калектыўных дагавораў. Яны павінны садзейнічаць матывацыі высокапрадукцыйнай працы, павышэнню жыццёвага ўзроўню работнікаў, стварэнню на вытворчасці здаровых і бяспечных умоў працы, устанаўленню дадатковых магчымасцей, ільгот і гарантый для павышэння прэстыжнасці працы на сяле.

Адным з галоўных паказчыкаў вытворчай дзейнасці з’яўляецца выхад прадукцыі, яе колькасць і якасць, ад чаго залежыць і памер заработнай платы.  На вялікі жаль, у шэрагу гаспадарак не захоўваюцца суадносіны заробленага і зробленага, калі рост заработнай платы апярэджвае рост прадукцыйнасці працы, парушаюцца тэрмі­ны яе выплаты.  Больш дзейсным павінен быць уплыў праф­арганізацый на арганізацыю спаборніцтва, выхаванне членаў працоўнага калектыву.

Узнятыя ў справаздачным дакладзе і выступленнях дэлегатаў пытанні і праблемы былі зафіксаваны ў пастанове справа­здачна-выбарнай канферэнцыі, улічаны пры фарміраванні выбарных органаў раённай прафсаюзнай арганізацыі. Дэлегаты выбралі новы склад райкама прафсаюза, членаў прэзідыума.

Па прапанове А. Я. Кузмянкова і В. С. Гутарава старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу выбраны С. М. Герасі­менка, які дагэтуль працаваў у прафтэхкаледжы.

В. С. Гутараў і А. Я. Кузмянкоў шчыра падзякавалі Баляславу Півусавічу Шылько за шматгадовую і добрасумленную працу на пасадах старшыні калгаса “Дружба” і раённай арганізацыі прафсаюза, уручылі яму Падзяку і Ганаровую грамату.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.