У сезон — з аптымізмам

Спорт

Менш чым месяц працягваўся адпачынак у выхаванцаў футбольнай акадэміі ПМЦ, якія 26 жніўня гульнямі ў Гродне стартуюць у новым нацыянальным першынстве.

У вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі ва ўзроставых групах 1999 і 2000 гадоў нараджэння пастаўчане зноў будуць гуляць дзвюма камандамі. Праўда, “ПМЦ-2” прыйдзецца значна цяжэй, бо яна — дэбютант такіх спаборніцтваў і на год маладзейшая за сваіх сапернікаў. Старэйшыя юнакі ва ўзросце да 16 гадоў, якія ў папярэднім сезоне фінішавалі на крыўдным 4-ым месцы, днямі былі запрошаны на прэстыжны ІV Міжнародны футбольны турнір у Мінску памяці Юрыя Курненіна.

Наша каманда спецыяльна да яго не рыхтавалася, але трапіла ў вельмі моцную падгрупу разам з “дынамаўцамі” Кіева, Тбілісі і Мінска. У першым матчы з грузінамі пастаўчане адкрылі лік пасля трапнага ўдару Міраслава Хлебасолава і выйгралі першы тайм. Аднак перамагчы фактычна зборную Грузіі, у якой прадстаўлены 12 тбілісцаў, ім не ўдалося. Пастаўчане змагаліся да канца, але саступілі саперніку — будучаму пераможцу турніру — з лікам 2:4 (яшчэ адзін мяч правёў Ілья Васілевіч).

У матчы з “Дынама” (Кіеў) наша каманда забіла ў дэбюце два галы (вызначыліся навічкі Аляксандр Булычоў і Міраслаў Хлебасолаў). На жаль, на фоне стомленасці грозны сапернік змог адыграцца, і паядынак завяршыўся ўнічыю з лікам 2:2. Сустрэчу з чэмпіёнамі краіны — мінскімі “дынамаўцамі” — пастаўчане правялі на роўных і таксама спачатку выйгравалі пасля трапнага ўдару Аляксандра Сарокі. Але з-за недастатковай у пачатку сезона фізпадрыхтоўкі каманда ПМЦ прайграла мінчанам з лікам 1:3 і ў выніку змагалася далей толькі за 7-ае выніковае месца.

Пасля дня адпачынку пастаўчане згулялі ў сваю сілу і перамаглі выхаванцаў ФК “Мінск” з лікам 1:0, а пераможны гол правёў на 19-ай хвіліне паўабаронца Максім Грыгор’еў. Трэнерскі штаб ПМЦ застаўся задаволены ўзроўнем паказанай гульні, а сам удзел у турніры высокага міжнароднага ўзроўню вельмі карысны і павучальны. У новы сезон пастаўчане ўступаюць з аптымізмам, спецыялісты адносяць іх да фаварытаў першынства і прэтэндэнтаў на медалі. У перыяд міжсезоння ў камандзе адбыліся змены: па розных прычынах у ёй не будуць гуляць 3 ігракі асноўнага складу: Г. Шаўчэнка, Б. Садоўскі і С. Сучылаў.

На гэтыя пазіцыі прыняты новыя таленавітыя футбалісты з абласнога цэнтра: цэнтральны абаронца Мікіта Кастамераў, паўабаронцы Макс Эбонг і Аляксандр Булычоў. Пад пытаннем прыезд у Паставы нападаючага з Баранавіч М. Хлебасолава, канчатковае рашэнне па гэтым пытанні ён прыме сам. Адкрыццё новага сезона пройдзе на стадыёне ПМЦ у аўторак, 2 верасня. У другой палове дня пастаўчане памераюцца сіламі са сталічным РДВАРам. Сапернікам “ПМЦ-2” у той дзень стане СДЮШАР “Трактар” (Мінск). У наступным месяцы дома пастаўчане згуляюць 8 верасня з “Дынама” (Брэст), а 21 верасня — з выхаванцамі ФК “Віцебск”.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.