Упершыню — другія

Личности

На базе Запольскага лясніцтва Суражскага лясгаса, што ў Віцебскім раёне, прайшоў абласны чэмпіянат “Лесаруб-2014”. У ім удзельнічала 17 каманд з усіх лясгасаў Прыдзвінскага краю, а таксама зборная каманда Рэспублікі Беларусь, якая выступала па-за конкурсам.

У склад пастаўскай каманды ўваходзілі пераможцы і прызёры лясгасаўскіх спаборніцтваў. Гэта вальшчыкі лесу Ігар Якубоўскі, Валерый Лешчык, Юрый Альфер, вадзіцель па вывазцы драўніны Іван Дубін, машыніст фарвардара Уладзімір Савельеў і машыніст харвэстара Раман Мядзелка. Дзмітрый Старадуб удзельнічаў у конкурсе юніёраў. Словам, пастаўчане былі прадстаўлены ва ўсіх відах спаборніцтваў. А тэхнічны кіраўнік каманды, начальнік бюро па ахове працы лясгаса Віктар Сапрончык і інжынер па ахове працы Ганна Багрудэнка ўвайшлі ў склад судзейскай брыгады.

— Наша каманда з’яўляецца пастаяннай удзельніцай абласных спаборніцтваў і набыла ў гэтай справе пэўны вопыт, — расказваў яе кіраўнік, намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Іванькоў. — У папярэднія гады мы заваёўвалі прызавыя месцы ў асобных намінацыях, але заставаліся за мяжой прызёраў. Сёлета ўпершыню заваявалі другое агульнакаманднае месца, уступіўшы толькі вельмі моцнай дружыне Бягомльскага лясгаса.

У праграму чэмпіянату ўваходзілі традыцыйныя конкурсы: “Валка лесу”, “Абрэзка сукоў”, “Распілоўванне камбінаваным рэзам”, “Дакладнае распілоўванне”, “Мантаж цэпа бензапілы”, “Камбінаваная эстафета”. На спецыяльнай пляцоўцы дэманстравалі сваё майстэрства машыністы сучасных высокапрадукцыйных машын — фарвардараў і харвэстараў, — а таксама аператары гідраманіпулятараў. Найбольш удала выступіў неаднаразовы пераможца і прызёр унутрылясгасаўскіх спаборніцтваў Валерый Лешчык. Ён заняў другія месцы ў дакладным распілоўванні і распілоўванні камбінаваным рэзам. Нашы вальшчыкі лесу сталі другімі і ў эстафеце, прадэманстраваўшы хуткасць, зладжанасць, дакладнасць.

У апошнія гады ў лясной гаспадарцы шырокае распаўсюджванне набылі працэсы механізацыі і аўтаматызацыі вытворчасці. Таму невыпадкова на конкурсах сталі спаборнічаць машыністы сучасных машын. Сапраўдным віртуозам на зборы піраміды (такое было заданне) паказаў сябе наш Уладзімір Савельеў. Ён выйшаў на трэцяе месца ў індывідуальным заліку і тым самым умацаваў пазіцыі каманды. Шосты вынік, што таксама з’яўляецца добрым дасягненнем, паказаў вадзіцель Іван Дубін.

Увогуле, як адзначыў Аляксандр Іванькоў, добрых слоў заслугоўваюць не толькі канкурсанты, але і ўсе члены дэлегацыі, якія вярнуліся ў Паставы з памятным Кубкам і чатырма дыпломамі Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.