8 мабільнікаў, 33 прасы


атрымалі ў якасці падарункаў найбольш актыўныя пакупнікі магазіна “Родны кут” філіяла “Каапгандаль №2 райспажыўтаварыства”.

Урачыстае адкрыццё ўніверсама па вуліцы Савецкай у Паставах адбылося ў сярэдзіне студзеня гэтага года. Ён стаў першым у раёне гандлёвым прадпрыемствам  агульнай плошчай тысяча квадратных метраў і адным з самых насычаных па колькасці і асартыменце харчовай прадукцыі. У дзень наваселля пакупнікам, якія набылі тавараў на 500 і больш тысяч рублёў, уручаліся падарункі. Тады было аб’­яўлена і аб правядзенні ў першым паўгоддзі акцыі на лепшага пакуп­ніка. Пераможцаў чакалі каштоўныя прызы: тэлевізар, мабільнікі і прасы. Каб стаць іх уладальнікам, трэба было купіць тавараў адпаведна на 25, 15 і 5 мільёнаў рублёў.

Дзве апошнія сумы аказаліся “па кішэні” 41 чалавеку. Пра гэта падчас уручэння падарункаў паведаміў старшыня праўлення раённага спажывецкага таварыства Р. А. Леўкавец. Павіншаваўшы пераможцаў з атрыманнем  мабільнікаў і прасаў,  ён адзначыў, што акцыя на лепшага пакупніка прадаўжаецца і ў другім паўгоддзі. Па-ранейшаму галоўным прызам застаецца самы сучасны тэлевізар. Але, каб атрымаць яго, трэба купіць тавараў ажно на 40 мільёнаў рублёў. Кавамолкі і кававаркі ацэнены адпаведна сумамі пакупак у 25 і 10 мільёнаў рублёў. Ці зможа хто пераадолець такія рубяжы, пакажа час.

Кааператары ж перакананы, што нават самыя актыўныя пакупнікі не скарысталі яшчэ ўсіх магчымасцей, якія ёсць ва ўніверсаме “Родны кут”. Дарэчы, з пачатку года яго тавараабарот склаў 13 мільярдаў  і набліжаецца да 3 мільярдаў рублёў у месяц. Кожны дзень да 30% разнастайных тавараў тут прадаецца па акцыях. Папулярнасцю карыстаюцца фірменныя секцыі ста­лічнай “Камунаркі” і  віцебскага лікёра-гарэлачнага завода “Прыдзвінне”. Напрыклад, дзякуючы зменшаным скідкам продаж салодкай прадукцыі “Камунаркі” павя­лічыўся амаль у два разы, а яе кошт тут у сярэднім на 20% ніжэйшы ў параўнанні з іншымі магазінамі райцэнтра.

У “Родным куце” больш за 120 пастаянных кліентаў — уладальнікаў дысконтных картачак. Колькасць іх пастаянна расце, у тым ліку і дзякуючы праводзімай акцыі на лепшага пакупніка.

На здымку: самыя актыўныя пакупнікі ўніверсама “Родны кут”.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.