Адноўлена святыня

Духовность

14 верасня на паўночна-заходняй ускраіне Мя­дзела было шматлюдна і святочна. Тут сабралі­ся святары і вернікі-католікі, жыхары Мядзельшчыны і суседніх раёнаў, паломнікі з іншых краёў на ўрачыстаць адкрыцця і асвячэння адноўленай беларускай Кальварыі — адзінай у нашай краіне такой святыні (у свеце іх некалькі). 

Падзея адбылася менавіта 14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, і прымеркавана да 260-годдзя мядзельскага касцёла Маці Божай Шкаплернай. Узначальваў урачысты чын Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Удзельнікі мерапрыемства з малітвамі і песнямі прайшлі сімвалічны Крыжовы шлях Езуса Хрыста па дарозе на Галгофу. Пачынаецца гэты шлях ад уваходнай “Брамы прабачэння”, якая ўзведзена пры дарозе Мя­дзел—Паставы. Над ёй пад стрэшкай — пазалочаная скульптура Езуса Хрыста, якая ў паставе пакаяння сустракае чалавека, гатовага прайсці і свой крыжовы шлях. На мураванай аснове брамы ўмацавана шыльда з каменем са Святой Зямлі, пра што сведчыць надпіс:

Ад “Брамы прабачэння” Крыжовы шлях пралягае па ўзгорках сярод прыгожага змешанага лесу і мае даўжыню каля двух кіламетраў. На ім знаходзіцца 14 капліц памерам 2,5 на 3 метры, якія пабудаваны з цэглы, каменю і дрэва. Кошт кожнай з іх — каля дзвюх тысяч долараў. Узве­дзены яны на ахвяраванні парафіян і фундатараў. Беларускую Кальварыю ў Мядзеле аднавілі айцы з ордэна Кармелітаў Босых пры падтрымцы іншых святароў Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі.

Тэрмін “кальварыя” паходзіць ад лацінскага слова kalva, што азначае “чэрап”. У католікаў Польшчы, Літвы і Беларусі так называецца святое месца, куды сцякаліся натоўпы набожных, хворых, старцаў на пакаянне. Першапачаткова ўзніклі ў 2-ой палове XVІ стагоддзя на ўзгорках ці ў лясах, часта на былых паганскіх капішчах. Найстарэйшая Кальварыя каля Вільні заснавана ў 1564 годзе.

Гісторыя Мядзельскай Кальварыі сягае ў сярэдзіну XVІІІ стагоддзя. Пасля ўзвядзення ў Старым Мядзеле мураванага касцёла Маці Божай Шкаплернай (1754 г.) манахі-кармеліты пачалі будаваць капліцы і брамы на поўнач ад храма. Верагодна, гэта работа вялася пад патранажам Кошчыцаў, уладароў мястэчка. Да 1772 года на палях каля касцёла і рынка ўжо размяшчаліся 21 капліца і 8 брам, якія нагадвалі Крыжовую Дарогу ў Іерусаліме. Капліцы будаваліся з дрэва на каменным падмурку, унутры мелі драўляныя абразы і скульптуры. 8 жніўня 1772 года пачалося асвячэнне Кальварыі, якое доўжылася чатыры дні. Увесь гэты час шматлікія запрошаныя госці частаваліся ў маёнтку Кошчыцаў у Старым Мядзеле. Асвяціў Кальварыю беларускі  біскуп-суфраган Фелікс Тавянскі.

Пасля таго як касцёл і парафія ў 1866 годзе былі перада­дзены праваслаўнаму духавенству, святое месца прыйшло ў заняпад.

У міжваенны час (1927—1929 гады) па ініцыятыве айца Браніслава Ярасінскага пачалося аднаўленне Кальварыі. Тагачасны ўладар Старога Мядзела Генрык Паклеўскі-Козел, якому належала мясцовасць на поўнач ад мястэчка, выдзеліў пад капліцы ўчастак зямлі пад назвай “Гуркі”. З дапамогай мясцовых жыхароў айцец Браніслаў вызначыў месца для пабудоў, узяўшы за ўзор план Кальварыі Зэбжыдоўскай, што ў Польшчы. Там былі пастаўлены драўляныя крыжы.

Пасля смерці Г. Паклеўскага-Козела кармеліты купілі ў Валадковіча 50 гектараў зямлі пад Кальварыю за грошы, атрыманыя ад продажу фальварка Мікасецк. У 1933—1938 гадах рупнасцю айца Ігнацыя Быліцы вернікамі з цэглы і каменю было пабудавана 15 капліц, якія перакрываліся бляхай.

Летам Кальварыя напаўнялася пілігрымамі, якія карысталіся духоўнай паслугай манахаў-кармелітаў. Далейшую работу па аднаўленні святога месца перапыніла Другая сусветная вайна. 2 лістапада 1942 года Кальварыя, у якой у той час налічвалася каля 40 капліц, практычна была разабрана і знішчана.

З 1995 года пачалося паступовае аднаўленне культу Кальварыі. З кожным годам усё больш і больш людзей пачало збірацца на гэтым святым месцы. Былі пастаўлены крыжы на месцы рэшткаў былых капліц, а таксама на Галгофе — гары Трох крыжоў.

Кальварыя — найперш каталіцкая святыня, да якой штогод у ліпені на ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай і ў верасні на свята Узвышэння Святога Крыжа будуць збірацца шматлікія вернікі і пілігрымы. Разам з тым адноўлены комплекс з’яўляецца духоўнай, гістарычнай і культурнай каштоўнасцю Беларусі, якую, думаецца, варта наведаць кожнаму, каб прайсці шляхам Хрыста, ачысціцца душой і падумаць пра сваё прызначэнне на Зямлі.

Ігар ПРАКАПОВІЧ, краязнаўца, няштатны карэспандэнт.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.