Цяпло ў дамы прыйдзе


Сёлета верасень парадаваў нас камфортным надвор’ем. Але хочам мы таго ці не, сапраўдная восень у хуткім часе заявіць пра сябе праліўнымі дажджамі, замаразкамі і паніжэннем тэмпературы. Разам з імі наступіць пара ацяпляльнага сезона. Калі ён пачнецца? Ці ўсё гатова да падачы цяпла? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнту раённай газеты адказвае намеснік дырэктара па цеплаэнергетыцы жыллёва-камунальнай гаспадаркі Фёдар Вікенцьевіч ТАНАНА.

— Раскажыце, калі ласка, як праходзіць падрыхтоўка аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі да ацяпляльнага сезона?

— На балансе ЖКГ знаходзяцца 26 кацельняў і практычна сто кіламетраў цеплавых сетак. Работы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона пачаліся амаль адразу пасля заканчэння папярэдняга. У кацельнях капітальны рамонт не праводзіўся, толькі прафілактычныя работы (рамонт і абслугоўванне абсталявання). Частка іх працягвала работу па падачы гарачай вады і ў міжсезонне. Пяць дзён у тыдзень, за выключэннем аўторка і серады, гарачая вада паступае ў дамы 5 і 6 гарадкоў і па вуліцы Юбілейнай. Такі графік устаноўлены ў сувязі з тым, што ў кацельнях стаіць па адным катле. А паколькі летам падагрэў вады ажыццяўляецца толькі на шчапе, то прафілактыку неабходна праводзіць раз у тыдзень. Акрамя гэтага, летам працуюць кацельні, якія падаюць гарачую ваду ў гарадскую лазню, санаторый «Ветразь», цэнтральную раённую бальніцу і паліклініку, бальніцу і сац­службу ў Лынтупах, Варапаеўскі ФАК.

— Калі будуць аформлены пашпарты гатоўнасці цеплакрыніц?

— Яны павінны былі быць аформлены да 25 верасня, але мы ўклаліся раней за гэты тэрмін: апошняя кацельня атрымала пашпарт гатоўнасці 19 верасня.

— А цеплавыя сеткі?

— Сёлета па плане нам неабходна замяніць 10,5 кіламетра цеплавых сетак. На сённяшні дзень ужо заменена больш за 9 кіламетраў. Усе работы выконваем уласнымі сіламі.

Усталёўваем сучасныя трубы двух відаў — стальныя і з так званага шытага поліэтылену, г.зн. гнуткія. Іх перавага ў пенапулірытанавай ізаляцыі, якая дазваляе значна скараціць цеплавыя страты, а таксама ў лёгкасці ўстаноўкі: зварачныя работы ў параўнанні з іх папярэднікамі зменшыліся ў дзясяткі разоў. Цеплавыя сеткі заменены на асобных участках па вуліцах Касманаўтаў, Ленінскай, Юбілейнай, Савецкай, Зялёнай, у дзіцячым садку «Сонейка» і прафесійна-тэхнічным кале­джы, а таксама ў Навасёлках і цалкам у Гуце. Замену цеплавых сетак завершым да 1 кастрычніка.

— Ці нарыхтаваны запасы паліва?

— Выключна на газе ў нас працуе толькі кацельня ў мікрараёне будаўнікоў. На астатніх выкарыстоўваюцца альбо газ і мясцовыя віды паліва, альбо толькі мясцовыя віды паліва (дровы і шчапа). За сезон расходуецца каля 27 тысяч кубоў дроў і каля 22 тысяч кубоў шчапы. На нарыхтоўцы дроў працуюць дзве брыгады: адна ў Паставах, другая — у Варапаеве. Працэс нялёгкі, паколькі ўсе дзялянкі знаходзяцца ў цяжкадаступных месцах, і калі з нарыхтоўкай праблем не ўзнікае, то вывезці дровы з-за адсутнасці пад’ездаў вельмі складана. Для шчапы ў нас ёсць невялікая рубільная машына, але асноўны яе пастаўшчык — лясгас. Акрамя шчапы, ён пастаўляе і дровы. Зараз нарыхтавана больш за 22 тысячы кубоў дроў і больш за 5 тысяч кубоў шчапы.

— Ці паўсюль устаноўлены прыборы ўліку цеплавой энергіі? 

— Прыборамі ўліку цеплавой энергіі раён аснашчаны на 90%. У вытворча-тэхнічным аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі два чалавекі займаюцца іх абслугоўваннем, рамантаваць і павяраць прыборы возім у Мінск. Спажыўцам яны дазваляюць эканоміць асабістыя фінансы, а ЖКГ — весці ўлік і кантраляваць расход цеплавой энергіі. У нас ёсць так званыя адаптары (у гэтых прыборах інфармацыя захоўваецца працяглы час), па якіх спажыванне цеплавой энергіі можна праверыць за год. Напачатку з прыборамі ўліку цеплавой энергіі было шмат пытанняў: жадаючыя сэканоміць спрабавалі вымаць датчыкі, здымаць пломбы і іншымі незаконнымі шляхамі красці ў дзяржавы. Такія спробы беспакарана не прахо­дзяць. Таксама стала менш праблем і з работнікамі кацельняў. Калі раней качагар мог дазволіць сабе ноччу замест таго, каб закідваць дровы ў топку для падтрымання пастаяннай тэмпературы, паспаць, то зараз такі нумар не пройдзе.

— Ці ёсць у насельніцтва прэтэнзіі да якасці падачы цяпла? 

— Здараецца, што спажыўцы скардзяцца на нізкую тэмпературу ў памяшканні. Але, як правіла, віны ЖКГ у гэтым няма. Варта не забываць прамываць унутраныя сістэмы, сачыць за ізаляцыяй. Таксама на тэмпературу паветра ўплывае якасць устаноўкі вокнаў і дзвярэй, іх стан. Просты прыклад. Прыязджаем па скарзе, а пад балконнымі дзвярыма велі­зарная шчыліна, пакрытая лёдам. Хто правы, хто вінаваты — высветліць проста: у нас ёсць спецыяльны прыбор, з дапамогай якога можна кантраляваць цеплавы рэжым у любым пункце памяшкання.

— Калі чакаць пацяплення радыятараў? 

— Ацяпленне будзе ўключана, калі сярэдняя тэмпература на вуліцы на працягу 5 дзён будзе трымацца ніжэй за плюс 8 градусаў. У мінулым годзе падача цяпла пачалася 1 кастрычніка.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.