«Das ist fantastisch!»


Так коратка, але ёмка пастаўчанка Ірына Гутар апісвае сваё яркае падарожжа ў нямецкі Фрыдрыхсхафэн. У гэтым горадзе, размешчаным на беразе знакамітага Бодэнскага возера, маладая настаўніца англійскай мовы СШ № 3 правяла пяць незабыўных тыдняў. Чатыры з іх былі прысвечаны журналісцкай практыцы ў мясцовай газеце “Зюдкур’ер”. Пра свае шматлікія ўражанні і асаблівасці жыцця ў адной з самых развітых еўрапейскіх краін Ірына расказала ў інтэрв’ю “Пастаўскаму краю”.

—            Ірына, раскажы, якім чынам ты трапіла ў Германію?

—            Пасля заканчэння школы я паступіла на гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе вучылася на спецыяльнасці «Рамана-германская філалогія (нямецкая, англійская)». У 2012 годзе стала стыпендыятам германскай службы акадэмічных абменаў DAAD (Deutsche Aka­demische Austauschdienst) і месяц бясплатна вучылася на курсах у баварскім горадзе Бамберг. Гэта была мая першая паездка за граніцу, і не трэба казаць, колькі ўражанняў яна падарыла. На радзіму вярнулася 31 жніўня і ўжо ў верасні атрымала прапанову паўдзельнічаць у новым праекце “Полацк піша для Фрыдрыхсхафэна”. Гэтыя два гарады — пабрацімы, і нямецкімі і беларускімі ўладамі наладжаны цесныя сувязі ў самых розных галінах.

—            У чым заключалася сутнасць праекта?

—            Ён быў арганізаваны сумесна з рэдакцыяй газеты «Зюдкур’ер». Студэнты нашага ўніверсітэта павінны былі даслаць туды артыкулы, прысвечаныя супрацоўніцтву Беларусі і Германіі. На жаль, сучаснае пакаленне немцаў мала ведае пра Беларусь, яе каштоўную гістарычную спадчыну. Новы журналісцкі праект быў скіраваны на тое, каб пазнаёміць жыхароў Фрыдрыхсхафэна з нашай краінай, гасціннымі і заўсёды адкрытымі для супрацоўніцтва людзьмі.

—            Ці шмат знайшлося ахвотнікаў пісаць артыкулы?

— Так. Немцы былі ўражаны інтарэсам студэнтаў да дадзенага праекта. У выніку на працягу 12 месяцаў надрукавалі 12 матэрыялаў, у тым ліку і мой. У ім я расказвала, як па-рознаму адзяваюцца нямецкія і беларускія дзяўчаты (“Пастаўскі край” друкаваў гэты артыкул у сакавіку бягучага года — аўт.). Пераможцаў назвалі толькі зімой. К гэтаму часу я ўжо скончыла ўніверсітэт і прыехала па размеркаванні працаваць у Паставы. Даведаўшыся пра сваё прызавое месца, неверагодна абрадавалася. Яшчэ б — мяне чакала паездка на пяць тыдняў у Германію. Усе расходы аплачваў нямецкі бок.

—            Якімі былі першыя ўражанні ад падарожжа?t

—            Самыя лепшыя. Нягле­дзячы на тое, што ў Франкфурце нас чакаў “форс-мажор” — самалёт да Фрыдрыхсхафэна адмянілі, і нам прыйшлося заначаваць у гасцініцы пры аэрапорце. На месца прыбылі толькі раніцай наступнага дня. Стомленасць адчувалася, але калі ўбачыла аўстрыйскія Альпы, куды нас павезлі адразу пасля прыбыцця, зялёныя лугі, чароўную гарадскую архітэктуру, яна ўмомант растварылася.

 

 

Першы тыдзень дэлегацыю з нашага ўніверсітэта чакала насычаная экскурсійная праграма: паходы ў музеі, знаёмства са шматлікімі архітэктурнымі славутасцямі, прыём у бургамістра. Чатыры астатнія тыдні прысвячаліся журналісцкай практыцы.

—            Наколькі яна была для цябе складанай?

—            Няпроста было ў тым плане, што людзі, як аказалася, баяцца чалавека з дыктафонам і фотаапаратам. Адным з маіх заданняў было зрабіць апытанне сярод турыстаў на тэму “Чаму вы выбралі месцам для адпачынку менавіта Фрыдрыхсхафэн?”.  Адны адмаўляліся фатаграфавацца, іншыя — гаварыць. Але гэта толькі падштурхоўвала, з’яўляўся спартыўны інтарэс — атрымаецца ці не. Настойлівасць перамагла, і артыкул выйшаў у тэрмін. Усяго за чатыры тыдні  напісала пяць матэрыялаў. У іх дзялілася сваімі ўражаннямі ад знахо­джання ў Германіі, асвятляла ўзнагароджванне пераможцаў адной знакамітай у горадзе латарэі, рабіла рэпартаж з тэатралізаванага прадстаўлення ў школе… Прычым, каб зрабіць здымак дзяцей, патрабаваўся абавязковы дазвол кожнага з бацькоў, не кажучы пра кіраўніцтва школы. Для мяне гэта стала нечаканасцю.

Адзін з апублікаваных артыкулаў Ірыны Гутар (на фота ўнізе)

—            Ці ўдалося папрысутнічаць на ўроках?

—            Такая магчымасць прадаставілася. Мне як настаўніку замежнай мовы вельмі хацелася паглядзець, як працуюць замежныя калегі. Шчыра прызнацца, была вельмі ўражана ўзроўнем падрыхтоўкі вучняў. Англійскую мову яны пачынаюць вывучаць яшчэ ў дзіцячым садку. Пяці­класнікі, на ўроку якіх я прысут­нічала, ужо свабодна размаўлялі. Разгорнута, карыстаючыся ўсім багаццем мовы, яны даказвалі свой пункт погляду па тых ці іншых пытаннях. Дзіўным падалося і тое, што дзеці за ўвесь урок ні разу не адкрылі сшытка. Першарадная задача настаўніка — развіваць маўленне. Звярнула ўвагу на цікавае афармленне стэндаў, тэматычных куткоў, іншыя метадычныя моманты. Абавязкова буду выкарыстоў­ваць іх у сваёй рабоце.

Кінулася ў вочы і адсутнасць дрэс-кода ў школах. Настаўніца ў джынсах і майцы — гэта норма. Дзеці таксама адзеты вельмі проста.

—            У сваім артыкуле, які друкаваўся ў “Пастаўскім краі”, ты пісала пра непераборлівасць немцаў у адзенні… 

—            Пацвярджаю гэта яшчэ раз. Сям’я, якая мяне прымала, была з добрым дастаткам. Але гаспадары, як і іншыя гараджане, выглядалі сціпла і непрыкметна. Хоць яны маюць магчымасць адзявацца ў бутыках, на шопінг ходзяць у магазіны тыпу нашых сэканд-хэндаў. Прычым абавязкова чакаюць распродажу. Немцы лепш патрацяць грошы на заняткі спортам, падарожжы, чым на новыя боты.

Зыходзячы з уласнага вопыту, у паездку брала ў асноўным  кеды, майкі, джынсы. І ўжо не заўважала на сабе здзіўленых поглядаў мясцовых жыхароў, якія сукенкі і абцасы носяць у выключных выпадках.

—            Раскажы падрабязней пра людзей, у якіх ты жыла.

—            Мне пашчасціла трапіць у сям’ю вядомых як у Фрыдрыхсхафэне, так і за яго межамі журналістаў. Гаспадары аказаліся вельмі адукаванымі, цікавымі, творчымі людзьмі. Яны гасцінна прынялі мяне ў сваім доме, давалі шмат парад і нават бралі з сабой на мерапрыемствы, якія асвятлялі. Гэта падарыла столькі незапланаваных падзей і ўражанняў! Напрыклад, гаспадыні трэба было напісаць пра новыя атракцыёны, усталяваныя ў горадзе напярэдадні мясцовага фестывалю. Яна папра­сіла дапамагчы іх пратэсціраваць — пакатацца і расказаць пра ўражанні. Калі ўбачыла гэтыя “арэлі”, у мяне дух заняло — гэта былі неверагодна высачэзныя канструкцыі. Падумала: хіба яшчэ бу­дзе ў жыцці магчымасць атрымаць такую дозу адрэна­ліну? Згадзілася.

Што найбольш запомнілася? На крэсле, прыстасаваным да спецыяльнай сцяны, мяне паднялі на 88-метровую вышыню (можна было ўбачыць нават суседнія Швейцарыю і Аўстрыю)! А потым… апусцілі.  З “нябёсаў” на зямлю я ляцела з хуткасцю вольнага падзення. Гэта было нешта з нечым!

 

У Бразіліі напрыканцы ліпеня якраз заканчваўся Чэмпіянат свету па футболе. Як  немцы святкавалі сваю перамогу? 

—            Гэта асобная гісторыя. Гаспадар сям’і працаваў спартыўным журналістам і заўсёды меў у запасе запрашальныя білеты. Мне пашчасціла некалькі разоў наведаць спартыўную арэну, каб пабалець за нямецкую каманду. Арэна, хутчэй, нагадвае кінатэатр, дзе ўсталяваны вялікі экран. Па абодва бакі размешчаны трыбуны, і балельшчыкі маглі атрымліваць асалоду ад матча з Бразіліі ў рэжыме анлайн. Якая там панавала атмасфера, словамі не перадаць. Усе, як дзеці, радаваліся кожнай перамозе нацыянальнай каманды. А калі яна выйграла чэмпіёнскі Кубак, то, напэўна, уся Германія выйшла са сваіх дамоў на вуліцу, каб адсвяткаваць гэту па­дзею. Феерверкі, сігналы пад вокнамі, паўсюль сцягі і музыка… Да таго ж, падчас майго візіту ў Фрыдрыхсхафэн у гора­дзе прайшлі два найцікавейшыя фестывалі. Адным словам, уражанняў хопіць яшчэ надоўга.

—            Што здзівіла ў паўся­дзённым жыцці немцаў?

—            Найперш татальная эканомія. Плата за камунальныя паслугі ў Германіі вельмі высокая, і людзі нават з добрым прыбыткам лічаць кожную кроплю вады. Расслабіцца ў гарачай ванне немцы дазваляюць сабе вельмі рэдка. Яны таксама не разумеюць, што можна рабіць у душы паўгадзіны. Пра эканомнасць мясцовых жыхароў ведала з мінулай паездкі, ды і кіраўнік дэлегацыі пра гэта нагадала. Але ўсё роўна без заўваг не абышлося. Напрыклад, папіла кавы — іду памыць кубак. Як аказалася, яго трэба пакласці ў пасудамыечную машыну. Мыць посуд па­асобку не прынята — так болей вады зрасходуецца.

—            З якімі пачуццямі вярталася дадому?

—            Са змешанымі. З аднаго боку, не хацелася пакідаць гэтыя найпрыгажэйшыя мясціны. Фрыдрыхсхафэн за пяць тыдняў стаў вельмі дарагім сэрцу горадам, са слязамі на вачах развітвалася з людзьмі, з якімі пасябравала і да якіх прывыкла. З іншага  — у Паставах чакалі родныя, каханы, сябры… Заўсёды з дапамогай інтэрнэту падтрымлівала з імі сувязь, але ўсё роўна вельмі сумавала. Прыехаўшы,  пераканалася ў сапраўднасці выказвання: у гасцях добра, а дома лепш.

Цяпер пра Германію нагадваюць шматлікія фотаздымкі і сувеніры. Як шмат іх там прадаецца! Шкада, што ў нас няма такога шырокага асартыменту. Перад ад’ездам за граніцу шукала сувеніры, пачастункі з надпісамі на беларускай мове, каб парадаваць імі немцаў. Не знайшла. І справа не ў тым, што дрэнна шукала…

—            Чаго найбольш не хапае ў Паставах?

— Веласіпеда. Як толькі прыехала ў Германію, мне вы­дзелілі двухколавага сябра. Я з ім не расставалася! Не ведала, што такое грамадскі транспарт — усюды сваім ходам. І так рабіла абсалютная большасць гара­джан. У Фрыдрыхсхафэне, ды і ва ўсёй Германіі ў цэлым, на веласіпе­дзе сустрэнеш і школьніка, і чалавека ў дзелавым касцюме.

Успамінаю выпадак. Падчас аднаго з фестываляў гаспадыня-журналіст узяла мяне з сабой на адно прадстаўнічае мерапрыемства. Загадзя папярэдзілі: быць святочна ўбранымі. І што ты думаеш? З прычоскамі, на абцасах і ў спадніцах мы паехалі туды на веласіпедах! І гэта пры тым, што ў гаражы маіх гаспадароў стаяў спраўны аўтамабіль.  Ім яны карыстаюцца вельмі рэдка, у выключных выпадках, калі трэба выехаць за горад і пераадольваць вялікія адлегласці. А на веласіпед сеў — і сродкаў эканомія, і экалогія не пакутуе. Як шкада, што ў многіх з нас няма такой зручнай і карыснай для здароўя прывычкі!

—            Плануеш яшчэ раз паехаць у Германію?

—            Мару пабываць там напярэдадні Каляд. Па аповедах і фотаздымках сяброў ведаю — гэта сапраўдная казка! Сувязі наладжаны, таму, спадзяюся, ажыццявіць задуманае атрымаецца. Дарэчы, ад’язджаючы, запрасіла сваіх нямецкіх знаёмых з візітам у Беларусь. Буду вельмі рада паказаць ім сваю родную краіну, якая таксама ўмее здзіўляць, захапляць, зачароўваць.

Гутарыла Іна СНЯЖКОВА.

Фота прадаставіла Ірына ГУТАР.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.