Датэрмінова — першыя

Спорт

ФК “Шаркаўшчына” — “Паставы-ПМЦ” — 3:0

Гэта выязная сустрэча не мела для пастаўчан ніякага турнірнага значэння. Яшчэ ў папярэднім туры, калі наш сапернік прайграў на выездзе ў Докшыцах з лікам 3:5, футбалісты “Паставы-ПМЦ” датэрмінова, за тры туры да заканчэння першынства вобласці, сталі мацнейшымі ў 2-ой лізе і заваявалі пуцёўку ў 1-ую лігу ад заходняй групы “А”. Па розных прычынах госці прыехалі ў Шаркаўшчыну не ў аптымальным складзе, адсутнічала палова ігракоў асноўнага складу.

Напрыканцы першага тайма пастаўчане двойчы прапусцілі мяч. Спачатку варатар Андрэй Чашун выпусціў яго з рук пасля вуглавога ўдару, і Аляксандр Данільчанка адкрыў лік. Перад самым свістком на перапынак госці зноў памыліліся ў абароне, а паўабаронца шаркаўчан  Сяргей Гушча выйшаў адзін на вароты і павялічыў перавагу сваёй каманды. У самым пачатку другой паловы сустрэчы вопытны распасоўшчык пастаўчан Уладзімір Карага прабіў у перакладзіну, яшчэ некалькім завяршальным ударам гасцей не хапіла дакладнасці. Больш матываваны сапернік таксама правёў некалькі небяспечных контратак, і адну з іх на 87-ай хвіліне рэалізаваў з убойнай пазіцыі зноў А. Да­нільчанка. За пастаўчан у той дзень гулялі Чашун, Танана, Зелянкевіч, Шурко (к), Камісарчук, Сарданаў (Жыльцоў), Я. Грантоўскі, Карага, Лысёнак (Казаравец), Мядзведзеў, Каралёнак.

У іншым матчы тура наш наступны сапернік — докшыцкі “Ветразь” — на выездзе ў канцоўцы да­біўся буйной перамогі ў Міёрах з лікам 5:0.

Заключны матч сезона на гарадскім стадыёне пачнецца ў нядзелю, 21 верасня, у 14 гадзін. Пастаўчанам ужо зараз трэба думаць, якую каманду скамплектаваць і падрыхтаваць да выступленняў у будучым годзе, бо ўзровень асноўных сапернікаў у 1-ай лізе больш моцны, чым у турніры рангам ніжэй.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.