Другі ўраджай “другога хлеба”


У нас на Беларусі бульбачка ў пашане. А я на сваёй дачы ўжо другі год праводжу такі эксперымент: два разы за сезон высаджваю і атрымліваю нядрэнны ўра­джай гэтай культуры. Прычым другая пасадка дае большы ўраджай і лепшай якасці. Калі вас зацікавіў такі вопыт, то ахвотна ім падзялюся.

Перавагу аддаю беларускім раннім сартам, напрыклад “лілеі”. З сакавіка бульбу праграваю ў цёплым памяшканні і прарошчваю. Для гэтага на плёнку насыпаю пілавінне, не вельмі шчыльна кладу на яго бульбіны і перыядычна іх увільгатняю. Праз месяц з’яўляюцца расткі, а потым і карэньчыкі. Клубні гатовы для пасадкі ў глебу прыкладна пасля 20 красавіка. Сёлета пасадзіла іх 23-га. Са­джу нямнога — тры вядры. Праз 2—2,5 месяца бульбу капаю, каб тут жа пасадзіць другую партыю, для якой (увага!) патрабуюцца клубні толькі ўраджаю мінулага года, бо маладая нават не ўзыдзе, яна пэўны час знахо­дзіцца ў “спячцы”.

Для другой пасадкі пакідаю вядро старой, ужо з растамі, бульбы. Сёлета высадзіла 18 ліпеня амаль у сухую глебу. Але перажывала дарэмна, бо прайшлі дажджы, і праз ты­дзень бульбачка ўзышла і дружна пайшла ў рост. Першага верасня поў­насцю цвіла.

А 18 верасня я яе ўсю выкапала. Ураджай парадаваў: з аднаго пасаджанага накапала сем вёдзер якаснай бульбы. Яна яшчэ магла б расці, але ж трэба засяваць сідэратамі ўчастак на зіму.

Дарэчы, на калівах не заўважыла ніводнага “паласаціка”. Паспрабуйце прымяніць мой вопыт — не пашкадуеце.

А ўвогуле, дача мяне сёлета парадавала. Урадзілі па­мідоры і агуркі, кабачкі і гарбузы, суніцы і маліна, нават арэхі паспелі амаль што не чарвівыя. Праўда, вінаград вясной крыху падмерз, а так усё добра.

А. ТРАФІМОВІЧ, няштатны карэспандэнт,

 вопытная дачніца.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.