Этап другі: інтэлектуальны

Местная власть

29 жніўня ў зале пасяджэнняў райвыканкама адбыўся другі этап конкурсу прафесійнага майстэрства “Шлях да поспеху”. У ім сёлета ўдзельнічаюць дзесяць маладых работнікаў з розных прадпрыемстваў і арганізацый Пастаўшчыны (першапачаткова канкурсантаў было 12, але двое па аб’ектыўных прычынах ад далейшай барацьбы адмовіліся). Чарговым іспытам для іх стала тэсціраванне, дзе спецыялісты праявілі свае інтэлектуальныя здольнасці. 

У райвыканкаме іх  віталі арганізатары конкурсу — галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Падгайская  і другі сакратар райкама ГА “БРСМ” Вераніка Руткоўская. Поспехаў ім жадалі таксама начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Уладзімір Зіноўевіч Гутар і загадчыца юрыдычнага сектара Наталля Мікалаеўна Седзюкевіч, якія ўвахо­дзяць у склад журы.

Тэст складаўся з пяці блокаў. Маладыя работнікі павінны былі адказаць на пытанні па асновах ідэалогіі беларускай дзяржавы, асновах эканамічнай дзейнасці, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, пра­ві­лах аховы працы і тэхніцы бяспекі, гісторыі і культуры Беларусі і роднага краю. На рашэнне 25 заданняў была адведзена адна гадзіна.

Адным з першых тэсціраванне скончыў юрысконсульт УП ЖКГ Дзмітрый Рысеў.

— Тэсты, па сутнасці, нескладаныя, — дзяліўся ён сваімі ўражаннямі. —  Многія заданні былі не столькі на веды, колькі на эрудыцыю, логіку, уменне разважаць. Некаторыя перасякаліся з маёй работай, і ў адказах на іх не сумняваўся. Праўда, было некалькі і вузкаспецыяльных пытанняў, але пра іх нас папярэджвалі. Падчас першага этапа ўсім удзель­нікам раздалі метадычныя дапаможнікі, кнігі ў электронным варыянце, па якіх мы рыхтаваліся да тэстаў.

У той жа дзень былі агучаны вынікі. Найвышэйшы бал набрала юрысконсульт УП “Завод “Беліт” Ірына Банькоўская (у яе 19 балаў з 25 магчымых). Па суме балаў за два конкурсы яна лідзіруе ў агульным заліку. Па 17 балаў у юрысконсульта УП ЖКГ Дзміт­рыя Рысева, урача Пастаўскай ЦРБ Генадзія Васюковіча і намесніка дырэктара ААТ “Камайскі-агра” Ігара Гіля.

Трэці, заключны, этап спаборніцтваў прадугледжвае абарону аўтарскай праграмы развіцця прад­прыемства, на якім працуе канкурсант (яны выступяць у якасці кіраўнікоў). Пазней усіх чакае дыскусія на тэму “Калі б я быў старшынёй Пастаўскага райвыканкама…” Правядзенне гэтых іспытаў запланавана на снежань.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.