Галіна Зямчонак у другі раз “прымерала” “Залаты кіцель”

Личности

Галіна Зямчонак (у цэнтры) з работнікамі прыдарожнага кафэ “Церамок” Вольгай Скур’ят, Вольгай Лапушынскай, Інай Гунько, Вікторыяй Віхцюк, Дзмітрыем Даньковым і Элай Панавас.

23-24 жніўня ў сталічным парку імя М. Горкага адбыўся трэці фестываль смачнага блога. У яго рамках прайшоў рэспубліканскі турнір “Залаты кіцель-2014”. У прэстыжных спаборніцтвах удзельнічала  майстар-повар кафэ “Церамок” філіяла “Каапгандаль №2 рай­спажыўтаварыства” Галіна Зямчонак.

У прафесійных колах повараў краіны і Белкаапсаюза прозвішча Галіны  Ана­толь­еўны ведаюць многія. Яна з’яўляецца ўладальніцай шматлікіх званняў і ўзнагарод, заваяваных на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. У тым ліку на рэспубліканскім турніры “Залаты кіцель-2013” на званне лепшага повара Беларусі. Летась у агульным заліку Галіна Зямчонак заняла другое месца,  за прыгатаванне страў з птушкі і мяса атрымала залаты і бронзавы медалі.

Здавалася б, узяўшы такую вышыню, цяжка разлічваць на паўторны поспех. Але не такі характар у Галіны Анатольеўны. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва райспажыўтаварыства яна імкнецца выкарыстоўваць любую магчымасць для ўдасканалення прафесійнага майстэрства і самаразвіцця. У гэтым плане кулінарны турнір дае выдатную магчымасць спаўна праявіць свае веды і ўменне.

— У спаборніцтвах прафесійных повараў і шэф-повараў удзельнічала больш за 30 чалавек, у асноўным мужчыны, — расказвала Г. А. Зямчонак. —  Сярод іх былі сапраўдныя майстры сваёй справы, у якіх многаму можна павучыцца. А як шмат значыць ацэнка, дадзеная вельмі аўтарытэтным міжнародным журы! На гэты раз індывідуальнае майстэрства канкурсантаў ацэньвалі прэзідэнт Кіеўскай асацыяцыі шэф-повараў Ігар Брагін, прэзідэнт Нацыянальнай гільдыі шэф-повараў Расіі Аляксандр Філін і выканаўчы прэзідэнт клуба шэф-повараў Санкт-Пецярбурга Рустам Тангіраў.

Наша зямлячка ўдзельнічала ў дзвюх з трох турнірных намінацый. На падрыхтоўку, прыгатаванне і прадстаўленне страў з птушкі (гэта была качка) і ялавічыны адводзілася па гадзіне. Важна было не толькі прыгатаваць смачна, як у лепшых рэстаранах, але і прыгожа. Стравы повара з Пастаў менавіта такімі і выглядалі і былі ацэнены залатым (мяса) і бронзавым (птушка) медалямі.

Па колькасці ўзнагарод Галіна Анатоль­еўна паўтарыла мінулагодняе дасягненне і даказала, што чарговы поспех невыпадковы. Калі ёсць майстэрства, высокая кулінарная культура, то можна на роўных спаборнічаць са спецыялістамі прэстыжных рэстаранаў сталіцы і іншых гарадоў Беларусі і блізкага замежжа. Наша канкурсантка не збіраецца здаваць заваяваных пазіцый, плануе “прымераць” залаты поварскі “кіцель” і ў наступным го­дзе ва ўсіх трох намінацыях.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.