“І мы абавязкова адгукнёмся”

Общество

1 кастрычніка ў краіне адзначаецца Дзень пажылых людзей. З гэтай нагоды карэспандэнт “Пастаўскага краю” гутарыць з дырэктарам дзяржаўнай установы “Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Дзіянай Іванаўнай ПЯКАРСКАЙ.

— Дзіяна Іванаўна, размову хацелася б пачаць са святочнага: якія мерапрыемствы ў раёне запланаваны?

— Урачыстасць, прысвечаная Дню пажылых людзей, пройдзе 1 кастрычніка ў Доме культуры па вуліцы Станкевіча. З 10.30 будзе працаваць грамадская прыёмная. З канцэртам выступяць ­удзельнікі мастацкай самадзейнасці. Мяркую, што ў прывычную праграму арганізатарамі будзе прыўнесена штосьці новае і арыгінальнае, што парадуе людзей.

Папярэджваю, каб не хваляваліся, як на мерапрыемства дабрацца. Бясплатна мы прывязём сваім транспартам, толькі патэлефануйце загадзя. Акрамя таго, усе кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый папярэджаны аб тым, што яны павінны самі даставіць сваіх пенсіянераў у Дом культуры.

— А вяскоўцы не пакрыўдзяцца, што не трапяць на гарадское свята?

— Мерапрыемствы пройдуць і ў сельскіх Дамах культуры. Пры гэтым абавязкова падключацца кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, у якіх людзі раней працавалі. Некаторыя з іх ужо зага­дзя паклапаціліся пра дапамогу, якую акажуць сваім былым работнікам.

— Чым яшчэ парадуеце пажылых людзей?

— Будуць задзейнічаны літаральна ўсе структурныя падраздзяленні цэнтра. На базе аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знахо­джання інвалідаў працуе клуб “Натхненне”. Безумоўна, у гэты дзень там пройдуць святочныя сустрэчы, на якія запрашаюцца ўсе жадаючыя. Запамінальнымі абяцаюць быць мерапрыемствы ў аддзяленнях кругласутачнага знаходжання, асабліва ў Лынтупскім, бо яно адзначае свой першы маленькі юбілей — пяцігоддзе.

Да Дня пажылых людзей на гэтым тыдні была арганізавана паездка для аб’яднання ветэранаў працы дзяржаўных служачых райвыканкама і ветэранаў-кіраўнікоў устаноў і прадпрыемстваў г. Паставы ў Дунілавіцкі сельсавет з наведваннем устаноў і памятных мясцін. 1 кастрычніка раённы краязнаўчы музей прапануе бясплатныя экскурсіі для пажылых. У гэты ж дзень у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбудзецца Дзень адчыненых дзвярэй.

 У апошні час мы актыўна нарошчваем аб’ём паслуг пажылым, адзінокім людзям і іншым катэгорыям грамадзян, пра што пастаянна інфармуем насельніцтва праз раённыя СМІ.

Але калі хто яшчэ не чытаў і не чуў пра гэта, прапануем звярнуцца да нас у ТЦСАН або пазваніць на нумар 4-33-33 і распытаць пра ўсё. Напрыклад, нядаўна мы набылі міні-трактар з усім навясным абсталяваннем. Таму, калі каму патрэбна такая паслуга (а цяпер якраз самы сезон), званіце па нумары 4-35-04, работнікі прыедуць і па сацыяльных расцэнках выканаюць заяўку.

На пастаяннай аснове працуе ў нас і выязная сацыяльная цырульня: званіце ў ТЦСАН, і майстар прыедзе на дом.

— Напэўна, да Дня пажылых людзей запланаваны яшчэ якія скідкі ці акцыі?

— Так. Заўтра на рынку спажывецкага таварыства будзе наладжаны продаж сельскагаспадарчай прадукцыі. Наконт гэтага ёсць дамоўленасць з кіраўнікамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У гэты час будуць працаваць два грузапасажырскія фургоны цэнтра, якія па заяўцы даставяць агародніну пажылым людзям дамоў.

1 кастрычніка сумесна з РКБА праводзім акцыю па аказанні паслуг цырульні: у пастаўскай і іншых будзем рабіць стрыжкі са скідкай 50 працэнтаў. Нагадаю і пра акцыю “Клапатлівыя рукі” па аказанні разавых бясплатных паслуг адзінокім грамадзянам, званіце: памыем вокны, выканаем іншыя работы.

— Дзіяна Іванаўна, Вашы пажаданні.

— Шчыра віншую ўсіх пажылых людзей, жадаю здароўя, бадзёрасці і аптымізму. Усім нам, маладым і актыўным, трэба памятаць пра тое, што старыя людзі не могуць абысціся без увагі з боку блізкіх, родных і сваякоў. А калі такіх няма, кіраўнікам прадпрыемстваў, дзе гэтыя пажылыя раней працавалі, трэба браць іх пад сваю апеку.

Жадаю ўсім даўгалецця. Карыстаючыся выпадкам, нагадаю, што сёлета ў нас стартаваў праект “У дом да юбіляра”. Усім, каму спаўняецца 70, 75, 80 і больш гадоў, мы высылаем паштоўкі. Разам з віншавальным тэкстам пакідаем і свае каардынаты на выпадак таго, што чалавеку, магчыма, спатрэбяцца нашы паслугі. І калі гэта так — званіце, пішыце. Мы абавязкова адгукнёмся.

Гутарыла Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.