Каму, як не Навасёлкам, паказваць прыклад?

Местная власть

19 верасня адбылося адкрытае выязное пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якім разгле­джана пытанне “Аб рабоце па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, якая праводзіцца на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельсавета”.

На яго запрашаліся кіраўнікі раённых службаў, а таксама арганізацый і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, старэйшыны вёсак, старшыні сельвыканкамаў. Але, перш чым прыступіць да пасяджэння, усе яго ўдзельнікі на чале са старшынёй райвыканкама В. С. Гутаравым наведалі механічныя майстэрні мясцовага сельгаспрадпрыемства, магазін райспажыўтаварыства, сквер у цэнтры аграгарадка, яслі-сад, пабачылі добрыя ўмовы працы, паслухалі тлумачэнні адказных асоб.

Адкрываючы пасяджэнне, Віктар Сяргеевіч Гутараў патлумачыў, чаму прыехалі менавіта ў Навасёлкі. Нягледзячы на тое, што ААТ “Навасёлкі-Лучай” — моцная гаспадарка і тут многае робіцца як у вытворчай, так і ў сацыяльнай сферах, такога бляску, які меў населены пункт падчас гаспадарання Героя Сацыялістычнай Працы Алега Адольфавіча Валодзькі, зараз няма. Зразумела, ёсць шмат аб’ектыўных прычын гэтага, найперш — фінансавыя цяжкасці. Тым не менш варта прааналізаваць зробленае, усё лепшае — пераняць іншым, тое, што магчыма, — дарабіць.

З інфармацыяй выступіў старшыня сельскага Савета Э. К. Мядзведзеў. Ён адзначыў, што на тэрыторыі сельсавета стабільна функцыянуюць сельгасарганізацыя, установы і арганізацыі сацыяльнай сферы, выконваецца сістэма дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва, ствараюцца ўмовы для развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, вырашаюцца пытанні навядзення парадку на зямлі і добра­ўпарадкавання населеных пунктаў, ажыццяўляецца прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў, арганізавана работа з моладдзю, дзейнічаюць грамадскія аб’яднанні.

Гандлёвае абслугоўванне ажыццяўляюць сем магазінаў, а ў вёсках, аддаленых ад іх на адлегласць звыш трох кіламетраў, — аўталаўкі. Маюцца два ўчасткі па абслугоўванні грамадзян на даму. Надомным сацабслугоў­ваннем ахоплена 29 чалавек з 10 вёсак. Аб’­екты аховы здароўя ў дастатковай колькасці забяспечаны абсталяваннем, медінструментам і матэрыяламі, рэалізуюць мерапрыемствы па прафілактыцы і лячэнні захворванняў. Штогод праводзяцца флюараграфічныя абследаванні і агляды ўрачамі ўсіх груп насельніцтва. Ва ўстановах адукацыі створаны неабходныя ўмовы для атрымання якаснай адукацыі і развіцця здольнасцей дзяцей. З мэтай адраджэння і захавання нацыянальных культурных традыцый, развіцця народнай творчасці і самадзейнасці, арганізацыі культурнага адпачынку насельніцтва па месцы жыхарства дзейнічае 11 клубных фарміраванняў.

Што да нявырашаных пытанняў, то яны наступныя. На прадпрыемствах гандлю не поў­насцю зроблены рамонт, не выкаранены выпадкі рэалізацыі прадукцыі, у якой скончыўся тэрмін годнасці і без маркіровачных ярлыкоў з поўнай інфармацыяй для пакупнікоў. Патрабуюць рамонту амбулаторыя ўрача агульнай практыкі і цэнтр культуры. Не на належным узроўні арганізавана работа з грамадзянамі па навядзенні парадку на прыдамавых тэрыторыях, зборы і вывазе смецця. Недастатковыя меры прымаюцца па знішчэнні на тэрыторыі сельсавета баршчавіка Сасноўскага. Жадае лепшага работа па папярэджанні правапарушэнняў і злачынстваў. Ёсць і іншыя праблемы. Усе яны былі агучаны на пасяджэнні, а таксама абмеркаваны шляхі ўдасканалення работы па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва як у Навасёлкаўскім сельсавеце, так і на ўсёй тэрыторыі раёна.

Па абмеркаваным пытанні прынята разгорнутая пастанова, якой вызначаны правя­дзенне канкрэтных работ і мерапрыемстваў, тэрміны выканання і адказныя за гэта асобы. Кантроль за выкананнем рашэння ўскладзены на намеснікаў старшыні па курыруемых пытаннях.

Фаіна КАСАТКІНА. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.